Беларусь і Лаос створаць міжурадавую камісію

3 июня 2013

Такую прапанову сёння агучыў беларускі прэм'ер на сустрэчы з лаоскай дэлегацыяй. На думку Міхаіла Мясніковіча, падобная структура зможа на рэгулярнай аснове разглядаць і вырашаць пытанні ўзаемадзеяння паміж краінамі. Беларускі бок ужо падрыхтаваў 11 праектаў пагадненняў, якія павінны стаць асновай будучых сумесных ініцыятыў. У сваю чаргу намеснік прэм'ер-міністра - міністр замежных спраў Лаоса Тханглун Сісуліт адзначыў, што ўзначаленая ім дэлегацыя прыбыла ў Мінск для абмеркавання шырокага кола пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва і выказаў упэўненасць, што бакі змогуць значна прасунуцца ў развіцці гандлёва-эканамічных адносін.


Перспектыўныя кірункі партнёрства вызначаныя таксама падчас нядаўняга візіту ў Лаос міністра эканомікі Беларусі Мікалая Снапкова. Датычацца яны гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферы. Для канкрэтызацыі дасягнутых раней дамоўленасцяў ужо ў сярэдзіне чэрвеня ў Лаос накіруецца беларуская міжурадавая дэлегацыя. У гэтай сувязі прэм'ер-міністр папрасіў Тханглуна Сісуліта аказаць беларускаму боку садзейнічанне ў перамовах як на ўрадавым узроўні, так і з прадстаўнікамі дзелавых колаў Лаоса.