Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Грузіі ў Палацы Незалежнасці

1 марта 2017

Пераносімся да Палаца Незалежнасці, дзе ўжо праз некалькі хвілін пачнуцца перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Грузіі Аляксандра Лукашэнкі і Георгія Маргвелашвілі. Але перш мы з вамі станем сведкамі ўрачыстай цырымоніі сустрэчы двух лідараў. Тут, у атрыюме Палаца.

Зараз на нашых экранах ужо вядомыя планы. Бачым, што ўсё і ўсе гатовыя да сустрэчы. Чырвоная дывановая дарожка, гімны, флагі дзвюх краін і рота ганаровай варты - тыя асаблівыя ўмовы і атрыбуты, якія часам лепш за падпісаныя дакументы перадаюць градус міжнародных узаемаадносін.

Нагадаем, самалёт грузінскага лідара прызямліўся ў Мінску напярэдадні. Прадоўжыцца афіцыйны візіт і заўтра. Праграма вельмі насычаная. Каб зразумець гэта, дастаткова прабегчыся па асноўных пунктах перамоў і сустрэч.

У праграме афіцыйнага візіту Прэзідэнта Грузіі перамовы ва ўрадзе, а таксама са спікерамі абедзвюх палат беларускага парламента. Плануецца, што Георгій Маргвелашвілі сустрэнецца з выкладчыкамі і студэнтамі БНТУ. А таксама наведае Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і "Курган Славы".

Ужо запланаваны перамовы ў вузкім і ў пашыраным складах. Чакаецца, галоўны акцэнт будзе зроблены на актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Адна з галоўных задач такіх сустрэч на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў - наладзіць максімальна шырокі спектр адносін паміж ведамствамі, прадпрыемствамі, бізнесамі дзвюх краін і максімальна выкарыстаць патэнцыял узаемнага гандлю.

І вось мы можам бачыць, што ў атрыюм Палаца Незалежнасці выйшаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Да Палаца Незалежнасці пад'язджае картэж з дэлегацыяй Грузіі на чале з Прэзідэнтам. Гасцей сустракае Аляксандр Лукашэнка. Давайце паглядзім на першыя імгненні сустрэчы ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі цёпла вітаюць адзін аднаго. Моцныя поціскі рукі, усмешкі пры сустрэчы - гэта заўсёды добры знак для абедзвюх дэлегацый.

Зараз павінны прагучаць гімны дзвюх краін. Спачатку Грузіі - знак павагі да госця. А пасля - Беларусі.

І вось прагучалі гімны дзвюх краін. Урачыстая, важная і, мабыць, самая эмацыянальная частка дыпламатычнага пратакола.

Кіраўнікоў дзяржаў вітаюць салдат роты ганаровай варты. Гэта нязменны прыгожы атрыбут усіх дзяржаўных святаў Беларусі. І найважнейшых дзяржаўных падзей.

Прэзідэнты вітаюць кіраўнікоў дэлегацый дзвюх краін. Разам з Прэзідэнтам Грузіі прыбыла і вялікая дэлегацыя афіцыйных асоб гэтай краіны. Усіх іх вітае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

І вось фінальны штрых цырымоніі ў атрыюме Палаца Незалежнасці. Перад кіраўнікамі дзяржаў маршыруе рота ганаровай варты. Салдаты чаканяць крок пад гукі аркестра.

Прэзідэнты накіроўваюцца ў фае Палаца Незалежнасці для сумеснага фатаграфавання. Гэта яшчэ адзін пункт афіцыйнага пратакола. Ну і, уласна, гэта тыя першыя кадры, якія вокамгненна напоўняць стужкі навін. Прынамсі да таго, як лідары з'явяцца перад камерамі пасля двухбаковых перамоў з першымі заявамі і вынікамі цяперашняга візіту Прэзідэнта Грузіі.

Лідары дзвюх краін праходзяць пад высокімі зводамі Палаца Незалежнасці, дзе ўжо праз лічаныя хвіліны пачнуцца зносіны спачатку ў вузкім, потым у пашыраным складах.

Але спачатку - цырымонія фатаграфавання под прыцэлам дзясяткаў фота- і відэакамер.

Пра ўсе дасягнутыя дамоўленасці і дэталі сустрэч і перамоў аператыўна распавядзём у эфіры.

Першыя вынікі - ужо ў найбліжэйшых выпусках навін на тэлеканале "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Агульная карціна вялікага беларуска-грузінскага дыялогу - у "Панараме" ў 9 вечара.

Для прэсы пратакольная частка здымкі на гэтым скончаная. Прэзідэнты Беларусі і Грузіі прадоўжаць перамовы ў вузкім складзе. У Палацы Незалежнасці працуюць нашы здымачныя групы. І першыя вынікі перамоў ужо ў найбліжэйшых выпусках навін.