Пытанні, важныя для бізнесу і АПК, напярэдадні абмеркавалі ў Прэзідэнта

28 августа 2019
Урад прапанаваў змяненні, якія закрануць аграрную палітыку і ліцэнзаванне. Так, хочуць спрасціць парадак аказання спонсарскай дапамогі сельгаспрадпрыемствам. Гэта дазволіць стварыць спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестыцый у АПК. Змяненні ў пытаннях ліцэнзавання накіраваныя на ліквідацыю залішняга рэгулявання. Гэта рэакцыя на адчувальныя для бізнес-супольнасці моманты. У прыватнасці, значныя папраўкі датычацца ліцэнзійных патрабаванняў  да медыцынскіх работнікаў. Адно з важных змяненняў - у выпадку парушэнняў будзе час на ліквідацыю недахопаў, а не аўтаматычнае пазбаўленне ліцэнзій. Навацыі падтрыманыя, але Прэзідэнт нагадаў, што карэкціроўка нарматыўна-прававых актаў павінна быць абгрунтаванай, а галоўнае - адпавядаць запытам часу і грамадства.

Таксама гаварылі аб фінансавых выніках правядзення ІІ  Еўрапейскіх гульняў. Гэтая спартыўная падзея стала сур'ёзным іміджавым праектам для Беларусі, паспрыяла развіццю спартыўнага руху і кансалідацыі людзей. Па словах першага віцэ-прэм'ера, пры падрыхтоўцы ўдалося сэканоміць частку сродкаў, якія вырашана накіраваць, па-першае, на рамонт студэнцкіх інтэрнатаў, па-другое, на павышэнне зарплат у бюджэтнай сферы. Прэзідэнт падтрымаў прапанову ўрада  аб павелічэнні стаўкі першага разраду для бюджэтных арганізацый.

Падчас сустрэчы вялікі блок пытанняў датычыўся аграрнага сектара. Профільны віцэ-прэм'ер  расказаў наконт сітуацыі ў сельскай гаспадарцы, як завяршаецца ўборачная кампанія. Прэзідэнт нагадаў аб неабходнасці аператыўна спраўляцца з усімі палявымі работамі і надаваць асаблівую ўвагу сяўбе азімых культур - гэта задзел на будучы год.