Пытанні развіцця і добраўпарадкавання Мінска сёння сталі прадметам вялікай гутаркі ў Прэзідэнта

28 апреля 2015

Лейтматыў сустрэчы: застой недапушчальны, горад павінен развівацца дынамічна. Характар гутаркі - больш чым у строгай танальнасці. І на гэта ёсць прычыны. З моманту прызначэння новага горадакіраўніка прайшло амаль паўгода. Аднак тэмпы ператварэння Мінска і тое, як выконваюцца даручэнні Кіраўніка дзяржавы на гэты конт, выклікаюць незадавальненне. На думку Прэзідэнта, каб навесці парадак у горадзе, тым больш наперадзе святкаванне 70-годдзя Перамогі, ёсць каласальныя магчымасці. І іх не выкарыстаць нельга. Бо горад - візітная картка краіны. Ён павінен быць добраўпарадкаваным, а пытанні з будаўніцтвам праблемных аб'ектаў вырашаныя. Прычым вырашаныя з аптымальным варыянтам суадносін кошт - якасць. Аналізуючы развіццё прамысловасці ў сталіцы, Прэзідэнт запатрабаваў павышэння адказнасці кіруючых кадраў усіх узроўняў і паабяцаў пасля святаў вярнуцца да праблемных пытанняў.

З падрабязнасцямі Сяргей Гусачэнка. З наступленнем вясны ў менеджараў Мінскага трактарнага наступілі гарачыя дні. Зрэшты, тут адзначаюць - гэта прыемныя клопаты. Абмен візітамі, сустрэчы з дзелавымі партнёрамі, актыўны пошук рынкаў і заключэнне новых кантрактаў. Амбіцыйную задачу яны паставілі сабе самі: трэць прадукцыі прадаваць у краіны далёкага замежжа. Рынак Расіі блізкі па духу і ментальнасці, але дыверсіфікаванне зараз - пытанне выжывання.

Па карце паставак Мінскага трактарнага можна вывучаць геаграфію. Усяго больш як 80 краін свету. Падзенне цэн на нафту і сітуацыя на сусветных рынках адбіліся на асноўным пакупніку - Расіі. Каб не страціць прыбытак заўтра, ужо сёння на прадпрыемстве актыўна працуюць над дыверсіфікаваннем продажаў, гэта значыць пошукам новых рынкаў.

Сёння ў Мінску больш за пяць тысяч прамысловых прадпрыемстваў. На іх працуюць амаль 145 тысяч чалавек. Сталіца, па сутнасці, вытворчае ядро ўсёй краіны. Горад фарміруе чвэрць беларускага ВУП. Падатковыя адлічэнні толькі за мінулы год звыш 73 трлн. рублёў.

Але патэнцыял ёсць, і паказчыкі могуць быць вышэйшыя. Комплексную гутарку аб развіцці сталіцы ў Кіраўніка дзяржавы сёння пачалі менавіта з прамысловасці. У кабінеце Прэзідэнта - мэр сталіцы, віцэ-прэм'ер і галоўны інспектар па Мінску. Горад павінен развівацца дынамічна, ужо ў самым пачатку зносін падкрэсліць Прэзідэнт.

Павелічэнне экспарту і павышэнне якасці прадукцыі. Адно з ключавых патрабаванняў да прадпрыемстваў, якія Прэзідэнт агучваў не раз. У Мінску нямала флагманаў беларускай прамысловасці. МТЗ, МАЗ, Мінскі маторны… Аб іх прадметна ішла гутарка сёння, а неўзабаве стан спраў будзе разгледжаны на месцах. Гэтыя прадпрыемствы Прэзідэнт мае намер наведаць ужо пасля майскіх святаў.

Наталля Качанава, віцэ-прэм'ер Беларусі: "Адно з сур'ёзных пытанняў, якое было сёння разгледжана на нарадзе, - гэта праца прамысловых прадпрыемстваў Мінска. У першую чаргу праца МАЗа, МТЗ, Маторнага завода. Была пастаўленая задача разабрацца ў працы гэтых прадпрыемстваў, і ў найбліжэйшы час Кіраўнік дзяржавы плануе наведаць гэтыя прадпрыемствы, але для таго, каб высветліць рэальную карціну, якая адбываецца на гэтых прадпрыемствах. Я ў найбліжэйшы час сама планую наведаць гэтыя прадпрыемствы для таго, каб бачыць аб'ектыўна сітуацыю".

У няпросты перыяд для эканомікі - асаблівая ўвага кадрам. На чале прадпрыемстваў і раённых адміністрацый патрэбныя толькі моцныя кіраванцы. Іх адказнасць павінна быць павышаная, паведамляе журналістам памочнік Прэзідэнта і галоўны інспектар па Мінску. Невыкананне паказчыкаў, затрымка зарплаты ды і проста безгаспадарлівасць - асобныя выпадкі ёсць, але павінны спыняцца.

Аляксандр Якабсон, памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Мінску: "Адказнасць і абавязковасць кадраў кіруючых усіх узроўняў павінна быць павышаная. Кіраўнік дзяржавы добра ведае і бачыць патэнцыял Мінска і аб'ектыўна патрабуе больш прадуктыўнай працы на ўсіх узроўнях кадравых ступеняў. І калі кіраўнік прадпрыемства сёння не спраўляецца са сваімі абавязкамі, то гэта павінна стаць прадметам разгляду выканаўчых органаў улады. Усё ідзе ад эканомікі. Калі ёсць эканоміка, тады ўсе пытанні ў краіне будуць вырашацца даволі ўпэўнена. Таму падняць адказнасць кадраў усіх узроўняў, кіруючых кадраў - гэта патрабаванне Кіраўніка дзяржавы, і мы яго павінны беспярэчна рэалізоўваць. Усякімі магчымымі рычагамі ўплыву".

Андрэй Шорац у крэсле мэра амаль паўгода. Родам з самага паўночнага абласнога цэнтра - у Мінску ён адносна нядаўна, і менавіта свежы погляд павінен дапамагчы ў рэалізацыі вызначаных планаў.

Прымаючы мэра з дакладам яшчэ ў канцы мінулага года, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакае ад горадакіраўніка першым чынам ініцыятывы ў развіцці Мінска. Напрыклад, больш эфектыўнай працы з фундатарамі.

Кааперацыя з прыватным капіталам пакуль удалай выходзіць далёка не заўсёды. У горадзе застаюцца аб'екты, дзе фундатары абавязкі не выконваюць. Напрыклад, комплекс Лебядзіны. Яго пачынала будаваць прыватная структура, але праблемы ў працы пачаліся ўжо на стадыі праектна-каштарыснай дакументацыі. У выніку заказчыка прыйшлося змяніць.

Як і любы буйны горад, Мінск павінен развівацца комплексна. Нараўне з жылымі аб'ектамі павінны ўзводзіцца дзіцячыя сады, школы, аб'екты гандлю, а таксама бытавога абслугоўвання і спорту.

За апошнія 5 гадоў у рэспубліцы ўведзена ў эксплуатацыю каля 80 спартыўных будынкаў. Найбуйнейшыя, безумоўна, у сталіцы. Вось толькі некаторыя з іх. "Чыжоўка-Арэна", шматфункцыянальны комплекс, здольны прымаць не толькі хакейныя матчы. Эксклюзіўнай, улічваючы інфраструктуру, можна лічыць Акадэмію тэніса. На кортах з рознымі тыпамі пакрыцця можна трэніравацца цэлы год. Не толькі для спартсменаў, але і жыхароў горада расчыніў дзверы Цэнтр фрыстайла. Раніцай скачкі адточваюць прафесіяналы, а ўвечар у басейн прыходзяць звычайныя людзі. У Заводскім раёне плаваннем дзеці займаюцца ў басейне "Трактар" на Даўгабродскай. Здзівіць усіх павінен і Палац мастацкай гімнастыкі, ён з'явіцца па суседстве з "Мінск-Арэнай".

Беларускія гімнасткі гэты цэнтр сапраўды заслужылі. Пачынаючы з 1993 года, з чэмпіянатаў свету і Еўропы спартсменкі без медалёў не вярталіся. На п’едэстал паднімаліся на Алімпійскіх гульнях у Сіднеі, Пекіне, Лондане. Прызнанне на сусветным узроўні - лепшая форма народнай дыпламатыі, бо ў тым ліку і дзякуючы ўменням спартсменаў аб Беларусі ведаюць па ўсёй планеце. Як раз за працай па арганізацыі маючага адбыцца першынства Еўропы, якое стартуе на днях у Мінску, мы і заспелі галоўнага тэрнера нацыянальнай зборнай. Ірына Ляпарская дзеліцца: гімнастыка ў краіне даўно стала адным з самых папулярных відаў спорту. Прывіць прыгажосць і грацыю сваім дзецям жадаюць шматлікія бацькі. Таму на трэніровачнай базе становіцца цесна.

Пакуль юных гімнастак прымае гэтая зала на сталічнай вуліцы Даўмана. Тут жа свае праграмы ставяць алімпійцы і чэмпіёнкі свету. З аднаго боку, у цеснаце ды не ў крыўдзе, з іншага - страчваецца якасць падрыхтоўкі. Бо працуюць тут адразу некалькі груп, значыць музыку пачуеш не заўсёды, адпаведна, і ў такт не трапіш. Аб тым, што гімнасткам патрэбныя вялікія плошчы, Ірына Ляпарская тлумачыць лічбамі.

Вялікі Палац гімнастыкі будзе пабудаваны каля "Мінск-Арэны" на праспекце Пераможцаў за кошт сродкаў, выгандлёваных ад продажу кватэр у доме мікрараёна Лебядзіны. Пакуль аб будучым спартыўным аб'екце нагадваюць толькі агароджа і катлаван.

Разам з цёплымі днямі на вуліцах горада пачынаюць распускацца дрэвы. Прыемныя фарбы дадае прырода, а вось вясновую свежасць дарог і аб'ектаў трэба забяспечыць самім. Ледзь больш за тыдзень таму ўся краіна працавала на агульнарэспубліканскім суботніку, і Прэзідэнт асабістым прыкладам паказваў стаўленне да справы на будпляцоўцы ў Каменнай Горцы.

Аднак навядзенне парадку - праца штодзённая. І гэта яшчэ адна задача для гарадскіх улад. Да юбілейнай даты 9 Мая горад ва ўсіх сэнсах павінен мець парадны выгляд. А таму асобнае даручэнне Прэзідэнта датычыцца пытанняў добраўпарадкавання. Бо, як аднойчы сказаў Аляксандр Лукашэнка, Мінск вызначае настрой ва ўсёй краіне.

У рэйтынгу турыстычнай запатрабаванасці сярод краін СНД Беларусь лідзіруе з вялікім адрывам. Пры гэтым Мінск узначальвае топ-10 самых папулярных гарадоў Садружнасці. Візітная картка краіны павінна і выглядаць адпаведнай. Панарамныя віды сталіцы - сёння знаходка для фатографаў. І фактура можа і павінна стаць багацейшай. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі на актуальныя праблемы развіцця горада яго кіраўніцтва не будзе глядзець пагардліва.