Пытанні Дзяржаўных прэмій Беларусі абмяркоўваліся ў Прэзідэнта

27 августа 2013

Прапановы па прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Беларусі 2012 года абмяркоўваліся сёння ў Кіраўніка дзяржавы. Да ўвагі Прэзідэнта - шэраг прац, якія падзеленыя на два блокі: у галіне навукі і тэхнікі, а таксама архітэктуры, культуры і мастацтва. Прэмія прысуджаецца раз за два гады, перш прэтэндэнты праходзяць шматступеньчатую працэдуру адбору. У тым ліку і фінальны этап - таемнае галасаванне на пасяджэнні прэзідыума Камітэта па Дзяржпрэміях. На думку Прэзідэнта, на дзяржаўным узроўні павінны быць адзначаныя ўнікальныя распрацоўкі - тыя дасягненні, якія характарызуюцца навуковай навізной, маюць эканамічную эфектыўнасць і сацыяльную значнасць. Словам, тыя працы, якія атрымалі прызнанне беларускай і міжнароднай грамадскасці.



Заяўкі на суісканне прэміі падалі дзясяткі прэтэндэнтаў - гэта навукоўцы і аўтарскія калектывы. Зрэшты, на заключным этапе кандыдатаў на Дзяржпрэмію засталося толькі 6. Па тры з навукова-тэхнічнай і культурнай сферы.


Удзельнікі рабочай сустрэчы далажылі Кіраўніку дзяржавы аб праведзенай працы і ўнеслі адпаведныя прапановы. Канчатковае рашэнне аб вызначэнні лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій Прэзідэнт Беларусі прыме ў найбліжэйшы час.