У Палацы Незалежнасці прыняў прысягу суддзя Канстытуцыйнага суда

2 февраля 2017

На вернасць Асноўнаму закону краіны. У Палацы Незалежнасці сёння прыняў прысягу суддзя Канстытуцыйнага суда Віктар Рабцаў. Такі рытуал праходзіць толькі аднойчы за час тэрміну паўнамоцтваў юрыстаў, закліканых абараняць гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды грамадзян. Цырымонія прайшла ў прысутнасці Прэзідэнта, а таксама кіраўнікоў абедзвюх палат парламента, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. Хто і як абараняе канстытуцыйныя заваёвы беларусаў, у рэпартажы Аляксея Адашкіна.

У Палацы Незалежнасці сёння сабраліся кіраўнікі дзвюх галін улады Беларусі - заканадаўчай і судовай, а таксама Кіраўнік дзяржавы. Нагода - прывядзенне да прысягі суддзі Канстытуцыйнага суда. Такі рытуал праходзіць толькі адзін раз за час паўнамоцтваў юрыстаў, галоўная задача якіх - абарона Асноўнага закона краіны.

Парадак гэтай цырымоніі дакладна прапісаны. У цэнтры Залы ўручэння даверчых грамат Палаца Незалежнасці трыбуна з галоўным дзяржаўным дакументам. Стаць паўнапраўным суддзёй Канстытуцыйнага суда можна толькі пасля прынясення прысягі.

Прэзідэнт уручыў суддзі пасведчанне, а таксама падарункавы экзэмпляр Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы папрасіў Віктара Рабцава быць надзейным вартавым выканання Асноўнага закона нашай краіны. Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў магчымасць увядзення пасады амбудсмена. Упаўнаважаныя па правах чалавека ёсць у некаторых краінах. Ці патрэбныя такія пасрэднікі паміж уладай і грамадзянамі ў Беларусі - вялікае пытанне.

У складзе Канстытуцыйнага суда 12 суддзяў. Палову з іх прызначае Прэзідэнт, а палову выбірае Савет Рэспублікі. Віктар Рабцаў трапіў у склад суда якраз па накіраванні верхняй палаты парламента.

59-гадовы Віктар Рабцаў па адукацыі юрыст-міжнароднік. Больш за дваццаць гадоў адпрацаваў у сістэме эканамічнага правасуддзя. Быў і намеснікам старшыні Вышэйшага Гаспадарчага суда. На новай пасадзе плануе накіраваць асноўныя намаганні менавіта на эканамічны блок законаў.

Галоўная задача гэтага суда - праверка на адпаведнасць Асноўнаму закону ўсіх нарматыўных актаў, прынятых парламентам, да іх падпісання Прэзідэнтам. Менавіта Канстытуцыя тут настольная кніга кожнага юрыста.

Летась былі даследаваныя больш чым пяць дзясяткаў дакументаў. Дзевяць законаў былі выпраўленыя па рашэнні Канстытуцыйнага суда, каб выключыць прабелы і прававыя калізіі. Так, змяненні ўнесеныя ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс, у законы аб ахове здароўя, аб занятасці і ў іншыя акты.

Эфектыўнасць заканатворчасці ў Беларусі адзначаюць і міжнародныя эксперты. У зводным індэксе вяршэнства права наша краіна займае 57 месца. Укладальнікі спісу ўлічвалі такія параметры, як адсутнасць карупцыі, парадак і бяспека, абарона правоў чалавека, празрыстасць інстытутаў улады. У гэтым сусветным рэйтынгу Беларусь змагла апярэдзіць усе краіны, што уваходзяць у СНД. Часткова гэта заслуга і Канстытуцыйнага суда.