Візіт у Беларусь старшыні КНР будзе найважнейшым знешнепалітычным мерапрыемствам

17 апреля 2015

Пра гэта гаварылі сёння на сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы з намеснікам міністра камерцыі КНР. Кітайская дэлегацыя прыбыла ў нашу краіну з мэтай падрыхтаваць гандлёва-эканамічныя аспекты маючай адбыцца сустрэчы. Неабходна ўзгадніць канкрэтныя кірункі і пункты судакранання. Аб стратэгічным партнёрстве дзвюх краін гаворыць мноства праектаў. За апошні год тавараабарот перавысіў планку ў 4 мільярды долараў. Зрэшты, улічваючы сумесны патэнцыял, гэта не мяжа. Беларусь гатова інтэнсіўна нарошчваць эканамічныя паказчыкі і, перш за ўсё, экспарт у Паднябесную. І тут ключавым аспектам з'яўляецца прамое супрацоўніцтва з рэгіёнамі КНР. Важны момант у гісторыі адносін - стварэнне індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Менавіта ён павінен стаць вузлавой платформай па адраджэнні Шаўковага шляху, які злучае Азію і Еўропу, падкрэсліў Прэзідэнт. Усе падрабязнасці - у рэпартажы Вольгі Макей.

У свой час менавіта ён першым правёў тэст-драйв беларуска-кітайскіх легкавых аўтамабіляў у Мінску. Марцін Ксіянг, дырэктар па развіцці бізнесу машынабудаўнічай карпарацыі, вось ужо другі год запар жыве на дзве краіны. Кантралюе сумесны праект па выпуску Geely.

За гэты час дылерская сетка пакрыла ўсе абласныя цэнтры Беларусі. Магутнасць завода зараз 30-40 аўтамабіляў за змену ў залежнасці ад мадэлі. План на гэты год 10 тысяч машын. Ужо да 2017 для вытворчасці аўто для беларусаў пабудуюць новы завод паміж Барысавам і Жодзінам. Інвестпраект на 330 мільёнаў долараў.

Марцін Ксіянг, дырэктар па развіцці і інвестыцыях карпарацыі Geele: "Калі мы толькі пачыналі задумвацца, дзе будзем інвеставаць, прызнаюся, разглядалі ўсе краіны Мытнага саюза. Але ўсё ж выбралі Беларусь. Тут мы добра адчуваем не толькі палітычную стабільнасць, але і, у прынцыпе, упэўнены ў надзейнасці партнёраў. Зараз поўным ходам ідзе рэалізацыя нашага наступнага праекта. Паверце, гэта будзе другі магутны аўтамабільны завод у Беларусі".

Зрэшты, і час паказвае, што ў еўрапейскім рэгіёне Беларусь - стабільны партнёр. Стратэгічнымі гэтыя адносіны называюць і ў Мінску, і ў Пекіне. За апошні час беларускую сталіцу наведалі віцэ-прэм'ер Дзяржсавета КНР і міністр замежных спраў Кітая. Толькі так, седзячы за сталом перамоў, можна дабіцца палітычных і эканамічных поспехаў. Што зроблена і якія праекты яшчэ трэба рэалізаваць, сёння абмеркавалі Прэзідэнт Беларусі і намеснік міністра камерцыі Кітая. Стаўка - на інвестыцыйнае супрацоўніцтва.

Ідэю будаўніцтва новага Шаўковага шляху, які злучыць Еўропу і Азію, у 2013 годзе прапанаваў старшыня КНР Сі Цзіньпін. Гэта будзе транспартная сетка ад Ціхага акіяна да Балтыйскага мора, пры гэтым скароцяцца бар'еры для гандлю і інвестыцый. Згодна з падлікамі экспертаў, да 2020 года аб'ёмы грузаперавозак паміж Кітаем і Еўропай перавысяць 170 мільёнаў тон. Беларусь гатовая даць свае магчымасці для рэалізацыі гэтага праекта.

Пакуль самая значная частка двухбаковага супрацоўніцтва - стварэнне сумеснага індустрыяльнага парку. "Вялікі камень" аб'яднае інавацыйныя вытворчасці з экспартным патэнцыялам. Пекін зацікаўлены, каб рэзідэнтамі эканамічнай пляцоўкі сталі моцныя і канкурэнтаздольныя кампаніі. Гэтаму праекту адмысловую ўвагу надае старшыня КНР. За апошнія паўгода Сі Цзіньпін тройчы даваў даручэнні па рэалізацыі парку, распавёў намеснік міністра камерцыі Кітая.

Будаўніцтва на пляцоўцы ідзе поўным ходам, распавядае кіраўнік адміністрацыі парку.

Пад інжынерныя сеткі і дарогі падрыхтавана ўжо 65 гектараў, працуюць больш за 200 адзінак тэхнікі. Тым часам з двума рэзідэнтамі, а гэта найбуйнейшыя кітайскія карпарацыі, инвест-кантракты ўжо падпісаны, на чарзе яшчэ паўтара дзясятка кампаній.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Пекін 7 разоў. У 2000 годзе ў Мінск прыязджаў былы кіраўнік Кітая Ху Цзіньтаа.

Сі Цзіньпін бываў у Беларусі ў 2010, праўда, у якасці намесніка старшыні КНР. З візітам кіраўніка Кітая чакаюць у маі, а тады, 5 гадоў таму, дзве краіны дамовіліся супрацоўнічаць у энергетыцы, аўтамабілебудаванні, транспартных камунікацыях.

Дамоўленасці не засталіся толькі словамі на паперы. Кітай інвеставаў у мадэрнізацыю энергетычнай сферы: у Мінску рэканструяваны дзве цеплаэлектрацэнтралі. Новыя магутнасці атрымалі Бярозаўская і Лукомльская ДРЭС. З'явіўся завод па вытворчасці аўтамабіляў, рэканструявана дарога ў Гомельскай вобласці. Дзякуючы кітайскім інвестыцыям канкурэнтаздольнай стала і беларуская цэментная прамысловасць.

Яна стала другой вытворчай лініяй на Беларускім цэментным заводзе. Вынік прамых кітайскіх інвестыцый. Увогуле бізнес Паднябеснай унёс больш за 170 мільёнаў долараў у пашырэнне вытворчасці на беларускім прадпрыемстве.

Праўда, за гэтыя грошы Кітай прапанаваў набыць у іх сваё абсталяванне для вытворчасці цэменту. Выгаду атрымалі абодва бакі. Кітай атрымаў стратэгічна важнае ў прамысловым сэнсе месца ў Еўропе, знайшоў пакупніка для сваіх вытворцаў. Для Беларускага цэментнага спраўдзілася мара, якую выношвалі на прадпрыемстве з часоў Саюза.

Ігар Ложачнікаў, генеральны дырэктар Беларускага цэментнага завода: "Адкрыццё другой тэхналагічнай лініі дало практычна павелічэнне магутнасцяў на 1,8 мільёна тон. У прынцыпе сёння прадпрыемства дасягнула тых магутнасцяў, якія былі прадугледжаны ў савецкі час, 3 мільёны тон. Сёння прадпрыемства дасягнула 2950 мільёнаў тон цэменту за год".

У кітайскім Харбіне збіраюць беларускія сельгасмашыны і кар'ерную тэхніку. Вялікія кантракты з Пекінам і ў салігорскіх калійшчыкаў. Словам, шмат ужо зроблена, але тэмпы супрацоўніцтва трэба нарошчваць.

З удзелам кітайскіх партнёраў у Беларусі рэалізуюцца больш за 20 інвестпраектаў у самых розных сферах: энергетыцы, будаўніцтве, транспарце. Як ідзе праца над імі, сёння абмяркоўвалі 3 дзясяткі чалавек. На нарадзе ў Прэзідэнта міністры, эканамічны штаб краіны, губернатары і дыпламаты. Словам, тыя, хто знутры ведаюць усе аспекты супрацоўніцтва Мінска і Пекіна.

Яшчэ напярэдадні, прымаючы з дакладам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка акцэнтуе: Пекін гатовы ўкладваць сродкі ў беларускую эканоміку, аднак пад кітайскія інвестыцыі неабходна шукаць эфектыўныя праекты. Пакуль ёсць сур'ёзныя недапрацоўкі. Як іх вырашыць і як максімальна задзейнічаць патэнцыял стратэгічнага партнёрства - абмеркавалі сёння.

Тры кіты, на якіх будуюцца беларуска-кітайскія адносіны, - гэта, у першую чаргу, сумесны індустрыяльны парк, гандлёва-эканамічныя вынікі візітаў на вышэйшым узроўні і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Адна з галоўных задач перад губернатарамі - развіваць узаемадзеянне з правінцыямі Кітая. Без гэтага дабіцца эканамічных поспехаў не атрымаецца, упэўнены Прэзідэнт.

Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва - зарука росту тавараабароту Беларусі і Кітая. Гэты паказчык за 23 гады дыпадносін вырас у 100 разоў і другі год запар пераадольвае 4-мільярдную мяжу. Гістарычнага максімуму дасягнуў і аб'ём нашых продажаў у Паднябесную - сума больш за мільярд долараў.

Сальда адмоўнае і гэту праблему трэба вырашыць. Пакуль прадаём Паднябеснай у асноўным калійныя ўгнаенні, праграмнае забеспячэнне, камбайны і лесаматэрыялы. Купляем камп'ютарную тэхніку, апаратуру сувязі, запчасткі для аўто і абутак. Мінск гатовы павялічыць экспарт, дзеліцца пасол Беларусі ў Кітаі.

Вядома, у любых двухбаковых адносінах не абыходзіцца без праблем і дасягненняў. Усё гэта вопыт, на якім і грунтуецца трывалае супрацоўніцтва. Сённяшняя задача - зрабіць працу над памылкамі і максімальна эфектыўна выкарыстаць магчымасці, якія дае інвестыцыйная моц Кітая.

Новы імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву надасць візіт у Беларусь старшыні КНР. Да прыезду Сі Цзіньпіна ўжо ўсё гатова. Зараз засталося скарыстацца магчымасцю прасоўвання стратэгічнага партнёрства на новы ўзровень.