У Пекіне Аляксандр Лукашэнка агучыў беларускія ініцыятывы

15 мая 2017

Росквіт магчымы толькі ў сумесным мірным узаемавыгадным развіцці. Беларускія ініцыятывы Прэзідэнт сёння агучыў у Пекіне на галоўным эканамічным форуме пяцігоддзя "Адзін пояс і адзін шлях".

Дэвіз першага пленарнага пасяджэння на вышэйшым узроўні - сінергія мікра- і макрапраектаў. Аляксандр Лукашэнка заклікаў выкарыстаць унікальную гістарычную магчымасць для пераходу да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. А таксама падкрэсліў, што свет сёння ў стадыі актыўнага развіцця і глабальных перамен. Змены спалучаныя з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі, сярод якіх тэрарызм, міграцыйны крызіс, а таксама новыя пагрозы бяспекі. Часта супярэчнасці вырашаюцца з прымяненнем зброі. Менавіта таму так важна выкарыстаць гістарычную магчымасць для змены мадэлі ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы - асаблівы госць форуму. Беларусь - першая ў Еўропе і адна з першых у свеце падтрымала і ўжо пачала будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Разам з Кітаем у нас узводзіцца індустрыяльны парк "Вялікі камень". І гэта не толькі інфраструктура і бізнес на дзясяткі мільярдаў долараў, гэта таксама новая прававая база адносін, шмат у чым узорная для свету. Індустрыяльны хаб - найбуйнейшы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Сярод новых ініцыятыў Беларусі - сінергія ў галіне навукі, а таксама інфармацыйнай бяспекі.

На палях саміту Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг двухбаковых сустрэч. У іх ліку перамовы з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Афіцыйная Анкара для нашай краіны - партнёр даўні і стратэгічны, таксама буйны інвестар у дзясятках сумесных праектаў. Перамовы аб стратэгічным супрацоўніцтве Аляксандр Лукашэнка плануе сёння правесці таксама з кіраўнікамі буйных кітайскіх карпарацый.