У алімпійскім Сочы сёння адбыўся незвычайны хакейны матч

4 января 2014

У адной з каманд на лёд выйшлі прэзідэнты Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка прыехаў у сталіцу зімовай Алімпіяды па запрашэнні Уладзіміра Пуціна. Расійскі лідар папрасіў беларускага калегу, вядомага сваім захапленнем хакеем, агледзець галоўную алімпійскую арэну. Улічваючы, што ўсе этапы падрыхтоўкі да ўласнага чэмпіянату свету на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі, выбар эксперта выглядае цалкам лагічна. Ну, а далей быў матч… Разам з прэзідэнтамі на лёдзе такія зоркі сусветнага хакея, як, напрыклад, Вячаслаў Фяцісаў і Павел Бурэ. Усе падрабязнасці ў Сяргея Гусачэнкі.



Вялікі Лядовы палац - галоўная арэна Сочы. Тут пройдзе фінал зімовай Алімпіяды, тут жа архітэктары ўпершыню ўвасобілі ў жыццё гэткія складаныя архітэктурныя формы. Зрэшты, ужо сёння ў Вялікім - спартыўны запал. Адбыўся таварыскі хакейны матч паміж зоркамі сусветнага хакея і камандай, сфарміраванай з расійскай аматарскай Начной хакейнай лігі.


Сярод ганаровых гасцей Аляксандр Лукашэнка. Улічваючы шматгадовае захапленне беларускага лідара хакеем, веды ў дадзенай галіне, а таксама вопыт падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату свету 2014 года, які ўжо вясной адбудзецца ў Мінску, расійскі прэзідэнт запрасіў калегу не толькі агледзець, але і, што завецца, выпрабаваць галоўную хакейную арэну алімпійскай сталіцы. Аляксандр Лукашэнка знаёміцца з умовамі, у якіх будзе праходзіць алімпійскі хакейны турнір, а пасля адпраўляецца ў раздзявалку пагутарыць з легендамі сусветнага хакея, разам з якімі зусім хутка прыйдзецца выйсці на лёд.


Прэзідэнты Беларусі і Расіі гуляюць у адной камандзе. У тройцы таксама Павел Бурэ. З капітанскай павязкай зорак сусветнага хакея на лёд вывеў двухразовы алімпійскі чэмпіён Вячаслаў Фяцісаў.


На світары Аляксандра Лукашэнкі - звыклы нумар адзін, ва Уладзіміра Пуціна - адзінаццаты. У абедзвюх камандах - цэлы россып зорак. Валерый Каменскі, Аляксандр Кажэўнікаў дапаўняюць склад дружыны прэзідэнтаў. Таксама ў ёй гуляе міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу і гульцы каманды Прэзідэнта Беларусі Андрэй Асташэвіч і Міхаіл Захараў. Месца ў варотах даручылі Дзмітрыю Баскаву - дырэктару дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Дынама.


У каманду сапернікаў увайшлі Аляксей Жамноў, Аляксандр Магільны, браты Голікавы, Аляксандр Якушаў, Сяргей Макараў і іншыя легенды сусветнага хакея. Гульня выйшла двухбаковавострай, з вялікай колькасцю кідкоў і небяспечных момантаў. Каманда, у якой выступалі кіраўнікі дзвюх дзяржаў, першай павяла ў ліку, паступова павялічвала перавагу і не пакінула саперніку шанцаў. Вынік на табло пераканаўчы - 12:3. Пасля завяршэння таварыскага матча Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прадоўжылі зносіны ў нефармальным становішчы.