У Маскве адбылося пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

8 мая 2015

Галоўныя палітычныя навіны сёння прыходзяць з Масквы. У расійскай сталіцы адбылося пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Тэм на парадку дня было некалькі. Адна з галоўных - членства ў саюзе Кыргызстана. Ёсць пытанні. Іх і абмяркоўвалі сёння кіраўнікі дзяржаў. Зрэшты, была ў Аляксандра Лукашэнкі ў пятніцу ў Маскве і яшчэ адна місія. Асаблівая. Напярэдадні Дня Перамогі Прэзідэнт Беларусі ўсклаў вянок да Магілы Невядомага Салдата. І гэта яшчэ адно прысвячэнне Вялікай Перамозе, якую кавалі разам продкі тых, хто сёння ў Маскве абмяркоўваў агульную будучыню. Будучыню эканамічную і не толькі.

Наш карэспандэнт Сяргей Хамянтоўскі пра ўсё па парадку. Рабочы перадсвяточны дзень у Маскве Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пачаў з гістарычнай памяці. Пасля паўдня Кіраўнік дзяржавы прыехаў да Магілы Невядомага Салдата. На штрыфелі пінжака Прэзідэнта стужка ў георгіеўскіх колерах і колерах афіцыйнага флага Беларусі. Вельмі прыгожая і тонкая сувязь мінулага і сучаснасці.

Гэтае месца ў Аляксандраўскім садзе гэтымі днямі наведваюць усе шматлікія дэлегацыі і кіраўнікі замежных дзяржаў. Ля грота Аляксандра Лукашэнку вітаюць ветэраны. Кіраўнік дзяржавы кожнага вітае асабіста.

Працэсія рухаецца ўздоўж алеі гарадоў-герояў. У адным з блокаў з залатой зоркай зямля з рубяжоў абароны Мінска. Цырыманіял урачысты і не абходзіцца без воінскіх ушанаванняў. Вайскоўцы прэзідэнцкага палка разам з Аляксандрам Лукашэнкам ускладаюць да Вечнага агню вянок са стужкай у колерах беларускага флага і надпісам "Невядомаму салдату ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

Ён аддаў жыццё, ён пазбавіўся імені, але стаў родным для ўсіх, хто жыве і будзе жыць у краінах, што перамаглі ў Вялікай Айчыннай. У той вайне беларускі народ страціў кожнага трэцяга жыхара, і для нас гэта рана, якая не загойваецца. Мерапрыемствы ў Аляксандраўскім садзе завяршаюцца ўрачыстым выкананнем гімна Беларусі і маршам нашых вайскоўцаў, якія бяруць удзел у Парадзе Перамогі на Краснай плошчы.

Вянчаюць чараду перадсвяточных мерапрыемстваў у Маскве сустрэчы саюзнікаў Крамля па Садружнасці і Еўразійскім эканамічным саюзе. За маёй спінай парадная рэзідэнцыя Прэзідэнта Расіі. Менавіта тут, у Вялікім крамлёўскім палацы, сабраўся клуб прэзідэнтаў.

У год 70-годдзя Вялікай Перамогі месца выбрана невыпадкова. Вялікі крамлёўскі палац задумваўся як помнік воінскай славы.

Хаця саміт заяўлены як нефармальны, яўка прэзідэнтаў краін Садружнасці амаль поўная. Кіеў у Маскву не даслаў нікога. Украіна даўно не ўдзельнічае ў палітычных мерапрыемствах СНД, але і выходзіць з аб'яднання не жадае. Кіраўнікам дзяржаў, што сабраліся на саміце ў Маскве, немагчыма было абысці тэму Украіны.

Сабраліся прэзідэнты з фармальна святочнай нагоды, але тэму сумеснага святкавання на працягу ўсяго года 70-годдзя Вялікай Перамогі абмяркоўвалі сур'ёзна.

Іншыя тэмы ўжо абмяркоўвалі без удзелу журналістаў. Дарэчы, да прэсы гэтымі днямі ў Маскве асаблівая ўвага. Да 70-годдзя Вялікай Перамогі ў Манежы насупраць Крамля адкрыўся міжнародны прэс-цэнтр. Ён працуе ў кругласутачным рэжыме амаль для 3 тысяч журналістаў. Уся неабходная апаратура для тэле- і радыёкампаній, стендап-пазіцыі, выдатны Інтэрнэт. Тут можна не толькі працаваць, жартуюць калегі, а і жыць. Ёсць нават рэстаран.

Не прыняўшы на саміце нейкіх канкрэтных дакументаў (такі ўжо фармат), пяць лідараў адправіліся за агульны стол Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Яго ідэі разам з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам ужо падзяляюць Арменія і Кыргызстан.

Кыргызстан ужо адной нагой у ЕАЭС. Менш чым паўгода спатрэбілася, каб "чацвёрка" стала "пяцёркай". Бішкек выканаў дарожную карту па далучэнні да Еўразійскага эканамічнага саюза. Да поўнай інтэграцыі застаўся тэхнічны момант.

Еўразійскі эканамічны саюз стаў рэальнасцю з 1 студзеня. Агульны рынак тавараў, паслуг, рабочай сілы без усялякіх бар'ераў - гэта спроба стварыць глабальную эканоміку на постсавецкай прасторы. Ідэалогія саюза - эфектыўнасць. Лідары прызнаюцца: ісці па інтэграцыйным трэку сёння няпроста.

Парадак дня першага пасяджэння Вышэйшага савета Еўразійскага эканамічнага выдаўся насычаным. Узгадніўшы пратаколы па далучэнні кыргызскіх партнёраў да дагавора аб ЕАЭС, лідары абмеркавалі яшчэ адно пытанне.

На святкаванні ў Маскву гэтымі днямі зляцеліся больш чым два дзясяткі лідараў розных дзяржаў. Сярод іх Нікалас Мадура. На палях самітаў Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са сваім венесуэльскім калегам.

Гучных заяў ад маскоўскіх самітаў прэса не чакала. Урэгуляваць старыя праблемы і абазначыць новыя перспектывы прэзідэнтам перашкодзіла ўрачыстасць нагоды для сустрэчы напярэдадні 9 Мая. Завяршыўся гэты дзень у Маскве рабочым абедам ад імя Прэзідэнта Расіі.