У Маскве прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы

3 марта 2015

Беларусь і Расія на вышэйшым узроўні дамовіліся па асноўных пытаннях узаемадзеяння і адзначылі важнасць руху наперад у рамках інтэграцыі. Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін ужо па традыцыі пагутарылі спачатку адзін на адзін, а затым пачалі размову ў фармаце Вышэйшага дзяржсавета. Акцэнт сённяшняй сустрэчы - на эканоміку і ключавыя аспекты гандлёва-эканамічнай дзейнасці на фоне цяперашняй сітуацыі. Па выніках пасяджэння падпісана некалькі сумесных дакументаў, у тым ліку бюджэт Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, бакі прынялі дарожную карту да 2017 года. Усе падрабязнасці з Масквы - у рэпартажы Сяргея Хамянтоўскага.

Саюз з 15-гадовай вытрымкай. Ужо столькі Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі. Значэнне гэтай падзеі цяжка пераацаніць - упершыню пасля распаду СССР нашы народы ўсталі на шлях аднаўлення адзінства.

Борт нумар адзін Прэзідэнта Беларусі сеў ва Унукаве роўна апоўдні. Мінск і Масква ў год 15-годдзя Саюза жадаюць правесці знакавы Дзяржсавет. Кіраўнік беларускай дзяржавы як старшыня прыляцеў на юбілейны саміт загадзя.

У насычаным парадку дня Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 12 пытанняў. Спрэчных няма. Усе прапрацаваныя. Як гаворыць расійскі прэм'ер, на двухбаковым трэку ўсё ў парадку. На палях саюзнага саміту перш сустрэліся кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін.

Гэта ўжо іх трэцяя сустрэча з пачатку года. Таму звышскладаных пытанняў у двухбаковых адносінах няма. Галоўнае сёння - нарасціць эканамічнае ўзаемадзеянне. Беларусь - пятая сярод сусветных гандлёвых партнёраў Расіі. Удзельная вага саюзніка ў нашым знешнегандлёвым абароце амаль 50%.

Летась з-за крызісу гандаль трохі прасеў. Важна аднавіць пікавыя значэнні тавараабароту, якія ў 2012 годзе перавышалі 43 млрд. долараў. Летась аб'ём узаемнага гандлю склаўся на ўзроўні 37,5 млрд.

Эканамічныя складанасці ў свеце патрабуюць скаардынаваных дзеянняў. Ужо ў поўным складзе на Вышэйшым дзяржсавеце саюзнікі думалі як дапамагчы адзін аднаму ў няпросты час. Беларусь прапанавала Расіі прыняць сумесную антыкрызісную праграму. У ёй механізмы ўзгодненай макраэканамічнай, прамысловай, фінансавай палітыкі і здыманне існуючых бар'ераў ва ўзаемным гандлі. Беларускі антыкрызісны план атрымаў падтрымку Уладзіміра Пуціна. Ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу немагчыма выстаяць у адзіночку. Саюзная дзяржава можа стаць ключавым фактарам у гэтым супрацьстаянні.

Асаблівае месца ў парадку дня заняў саюзны бюджэт. Яго дакрызісны аб'ём на 2015 год у раёне 5 млрд. расійскіх рублёў атрымалася захаваць. Гэта важна, бо саюзнікі маюць намер пашырыць лік сумесных праграм.

Да тэмы грошай цесна прымыкае работа па інтэграцыйных прамысловых праектах. Па іх ідзе актыўная сумесная праца. Прэзідэнты дамовіліся прамкааперацыю паглыбляць. Адобрылі лідары дарожную карту развіцця Саюзнай дзяржавы да 2017 года.

Абмеркавалі прэзідэнты інтэграцыйныя поспехі па іншых кірунках, уключаючы Еўразійскі эканамічны саюз. Ён, зрэшты, не адмяняе актуальнасць Саюза Беларусі і Расіі. Глыбіня ўзаемадзеяння і шырыня пытанняў на еўразійскім трэку пакуль не дацягваюць да ўзроўню Саюзнай дзяржавы. Як не раз гаварыў Аляксандр Лукашэнка, ён павінен застацца арыенцірам для іншых інтэграцыйных аб'яднанняў.

За шырокім сталом Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падвялі вынікі 15-гадовай інтэграцыі. Абмеркаваўшы шырокі спектр двухбаковага супрацоўніцтва, два прэзідэнты выйшлі да прэсы.

70-годдзе Вялікай Перамогі два лідары яшчэ адсвяткуюць у маі. Сёння ж у Маскве адзначылі 15-годдзе Саюза ўзнагародай для Аляксандра Лукашэнкі. Уладзімір Пуцін уручыў саюзніку ордэн Аляксандра Неўскага. Паводле статусу, гэтую ўзнагароду атрымліваюць замежныя палітычныя дзеячы за дружбу і супрацоўніцтва з Расіяй.

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы падпісаныя 4 дакументы, якія рэгулююць беларуска-расійскія адносіны ў сацыяльнай і міграцыйнай сферах. Але і эканамічныя прыярытэты нязменныя. Саюзнай дзяржаве 15 гадоў. Лідары аб гэтым не забылі і пацвердзілі: механізм "двойкі" яшчэ будзе актуальным.