Вуліца Фабрыцыуса можа стаць новым месцам для актыўнага адпачынку гараджан

24 ноября 2016

Замест малакаштоўных, драўляных і старых пабудоў – бізнес-цэнтр, кафэ, арт-аб'екты і паркінгі. Сталічная вуліца Фабрыцыуса можа стаць новым месцам для актыўнага адпачынку гараджан. Нядаўна ў былым памяшканні завода адкрылі бар і рэкламнае агенцтва. Хутка з'явяцца галерэя з цэнтрам рамеснікаў. Ці гатовая вуліца Фабрыцыуса да перамен?

Рэпартаж Аляксандры Драгун. Для працы ў любой кампаніі свету Аляксею Дуброву не трэба выязджаць з роднага горада. «Вольны мастак» валодае міжнароднай мовай – мовай праграміравання. Паўтара года таму малады чалавек змяніў хатнія сцены на гэты бізнес-клуб, каб працаваць больш плённа.

Больш за тры гады таму заводскія памяшканні, якія пуставалі, пераўтварылі ў крэатыўную прастору. Адмысловая планіроўка савецкага будынка дазволіла захаваць лабірынт з кабінетаў.

З развіццём стартап-хаба і сама вуліца Фабрыцыуса загучала на новы лад. У памяшканнях з заводскім каларытам адкрыўся бар, неўзабаве запрацуе галерэя. Прапісаліся тут і кулінарная школа, рэкламнае агенцтва, чакаюць новых суседзяў: хутка пачне працаваць майстэрня рамеснікаў.

Славутай вуліца стала дзякуючы першай у Беларусі механізаванай бензакалонцы. З'явілася яна на гэтай тэрыторыі ў 1929 годзе. Адзін аўтамабіль запраўлялі гаручым за 5 хвілін – рэкордная хуткасць у тыя часы. Дадалі вядомасці вуліцы Фабрыцыуса шматлікія шкляныя мануфактуры.

Цяперашнюю назву вуліца атрымала ў гонар камандзіра і камісара Чырвонай арміі Яна Фабрыцыуса. У гады Другой сусветнай і пасля вайны побач з заводам медпрэпаратаў шумеў кірмаш. Да нашага часу захаваліся адметныя будынкі 30-х гадоў – жылы дом і адна з першых паліклінік сталіцы.

Гістарычна склалася, што брукаванка на Фабрыцыуса - вузкая і не прыстасаваная для актыўнага руху аўтамабіляў. Адпаведна няма і паркінгу. У плане дэталёвай забудовы ўчастка ад вуліцы Маскоўскай да чыгункі значыцца ўзвядзенне месцаў для стаянкі.

Паводле праекта, на месцы кацельні і аўтасервісу з'явіцца забаўны цэнтр, адміністрацыйны будынак, паркінг і месцы адпачынку. Будаўніцтва ўжо ідзе. А інтэрнат па адрасе Фабрыцыуса, 7, магчыма, набудзе новы статус гасцініцы.