У Вялікай размове з Прэзідэнтам прымуць удзел каля паўсотні журналістаў

3 февраля 2017

У Вялікай размове з Прэзідэнтам удзел прымуць каля паўсотні журналістаў і яшчэ сотня экспертаў. Задаць пытанне можа абсалютна кожны яшчэ на працягу гадзіны. Для гэтага неабходна запоўніць форму на сайце belta.by або ў сацсетках агенцтва.

Усе падрабязнасці гэтай сустрэчы даведаемся зараз у Ілоны Красуцкай.

Журналісты не называлі лакацыю дыскусійнай пляцоўкі, але прыкметна, што гэта не Палац Незалежнасці. Прапіска адкрытага дыялогу - усё той жа праспект Пераможцаў, але будынак выставачнага комплексу "Белэкспа". Зрэшты, новая не толькі лакацыя, але галоўнае - фармат сустрэчы. Гэта Вялікая размова з Прэзідэнтам. Адкрытая гутарка без аніякіх рамак, няма пытанняў пад табу і закрытых тэм - усё гэта асабістая ініцыятыва Кіраўніка дзяржавы.

Бо Аляксандр Лукашэнка не прыхільнік пратакольнага фармату прэс-канферэнцый. Журналісты выдатна ведаюць: такія сустрэчы, а яшчэ камунікабельнасць і максімальная адкрытасць беларускага Прэзідэнта - гарантыя гучных загалоўкаў. Няма абмежаванняў ні ў часе, ні ў колькасці пытанняў. Гаворачы простай мовай, сакрэтаў няма: гэта пацвярджае і той факт, што ўся дыскусія будзе весціся ў прамым эфіры. Удзельнікі - фармальна больш за 100 чалавек: журналісты, эксперты, - а фактычна мільёны - уся краіна. Бо падлучыцца да дыскусіі, адрасаваць пытанне Прэзідэнту можа абсалютна кожны! Такая магчымасць яшчэ не прапушчаная! Для гэтага досыць зайсці на сайт Беларускага тэлеграфнага агенцтва або ў сацсеткі БелТА і спытаць пра што заўгодна.

На пляцоўку вялікай дыскусіі актыўна прыбываюць госці. Ва ўсіх, безумоўна, вялікія чаканні. Пагадзіцеся, фармат вельмі інтрыгуе. Такім чынам, менш за гадзіну застаецца да прыбыцця Кіраўніка дзяржавы і пачатку прамога эфіру. Зразумела, пятніца, рабочы дзень, і калі не атрымаецца далучыцца да дыялогу зусім хутка, а цікаўнасць бярэ верх: раптам менавіта на ваша пытанне адказаў Кіраўнік дзяржавы, - можна будзе даведацца і ўвечар. Тэлеверсію сустрэчы пакажуць усе беларускія тэлеканалы.