Паспяховую дзейнасць CITIC Group у Беларусі абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці

8 мая 2018

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся сёння з кіраўніцтвам кітайскай карпарацыі CITIC Group. Гэтымі днямі дэлегацыя на чале з кіраўніком кампаніі Ван Цзюнам наведвае Беларусь.

Фундамент паспяховай дзейнасці CITIC Group, на рахунку якой шэраг рэалізаваных праектаў у нашай краіне, - стратэгічнае партнёрства афіцыйнага Мінска і Пекіна. Бакі не раз падкрэслівалі, што ўмацаванне і развіццё двухбаковага сяброўства і супрацоўніцтва - лепшая даніна і гістарычнаму мінуламу двух народаў, якія ўмеюць шанаваць мір і адкрыта глядзець у будучыню. Сімвалічна, што гэтая сустрэча адбылася напярэдадні Дня Перамогі.

У беларускім партфоліа CITIC Group - будаўніцтва пад ключ трох цэментных заводаў, узвядзенне шматфункцыянальнага комплексу па праспекце Пераможцаў у Мінску, мадэрнізацыя Аршанскага льнокамбіната і завод "БелДжы" - найбуйнейшы з дзеючых праектаў CITIC Group у нашай краіне.

Ван Цзюн, прэзідэнт кітайскай карпарацыі CITIC Group:

"Мы з поўным поспехам завяршылі ўсе работы і атрымалі станоўчыя ацэнкі з боку беларускіх партнёраў. Такія вынікі былі б немагчымыя без падтрымкі беларускага ўрада і нашых партнёраў".

Кіраўнік карпарацыі таксама анансаваў дамоўленасці па пашырэнні ў іншых сферах. У прыватнасці, гаворка ішла аб будаўніцтве новай вытворчасці па глыбокай перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, арганізацыі і аказанні фінансавых паслуг.