Цэнтрам афіцыйных урачыстасцяў 23 Лютага стала плошча Перамогі

23 февраля 2016

Дзень абаронцы Айчыны адзначаюць сёння ў Беларусі. 23 Лютага - дата, якая ўжо даўно стала ў нашай краіне сапраўдным мужчынскім святам - святам мужнасці, доблесці, высакароднасці. Па традыцыі ў гэты ўрачысты дзень Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўручыў пагоны вышэйшаму афіцэрскаму складу. Віншуючы тых, для каго абарона Радзімы - прызначэнне, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ва ўмовах эскалацыі глабальнай напружанасці бяспека і стабільнасць з'яўляюцца вышэйшымі каштоўнасцямі беларускага народа. Прэзідэнт падкрэсліў, што большасць беларускіх мужчын, а таксама некаторыя жанчыны праходзілі і праходзяць армейскую школу мужнасці. Таму на працягу многіх дзесяцігоддзяў дата 23 Лютага яднае грамадства высакароднай ідэяй служэння і абароны Айчыны. З урачыстасцяў - рэпартаж Ілоны Красуцкай.

Апошні час у рабочым графіку Кіраўніка беларускай дзяржавы стаіць шмат сустрэч з сілавікамі і вайскоўцамі. Калегіі профільных ведамстваў, пасяджэнне Савета Бяспекі. Паралельна баявая падрыхтоўка салдатаў і афіцэраў. Раптоўныя праверкі і вучэнні рознага ўзроўню. З апошніх - зборы па тэрытарыяльнай абароне. Усё гэта не простае бразганне зброяй і ўжо сапраўды не ігра мускуламі, а адказ на выклік часу. Беларусь, для якой галоўныя каштоўнасці - суверэнітэт і незалежнасць, выбрала тэзіс "вучыцца лепш на чужых памылках", і ён служыць прыкладам для суседніх краін. Калі ля граніц такая сітуацыя, заставацца проста назіральнікам Мінск не будзе. Айчынная армія і далей будзе пераўзбройвацца і ўдасканальвацца.

Ранейшыя пагрозы нікуды не зніклі, а ў некаторых рэгіёнах становішча абвастрылася. Сур'ёзны ачаг напружанасці па-ранейшаму захоўваецца і ля нашых меж. Пра сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны, у Сірыі і іншых пунктах планеты, дзе ў гэтыя хвіліны ідуць крывавыя канфлікты, Прэзідэнт гаварыў сёння з вышэйшымі афіцэрамі з нагоды прысваення ім новых званняў.

Усё часцей замест калектыўнага, цывілізаванага рашэння міжнародных праблем у ход ідуць сілавыя, эканамічныя і інфармацыйныя рычагі ціску. Новым выклікам і пагрозам павінна супрацьстаяць сучасная армія.

Нядаўна Кіраўнік дзяржавы адобрыў праект новай ваеннай дактрыны. Яна мае выключна абарончы характар. Галоўная задача - забяспечыць незалежнасць краіны, мір і спакой беларусаў.

Па стойцы смірна і трохі з хваляваннем. Гэтыя сапраўдныя мужчыны, на плячах якіх абароназдольнасць, а значыць, суверэнітэт сучаснай Беларусі, - у чаканні кульмінацыйнага моманту. 7 чалавек. У адным шэрагу - вайскоўцы і юрысты ў пагонах. Такія стрыманыя на службе і ў жыцці, яны сёння не хавалі хвалявання.

Начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны Сяргей Дудко адказвае за войскі ў доме. Надоечы ставіў ацэнкі губернатарам і сталічнаму мэру. Іспыт па агнявой падрыхтоўцы. У арсенале экзэмпляры самай рознай мадыфікацыі. Ад някідкіх пісталетаў Макарава да супрацьтанкавых гранатамётаў.

Па-вайсковаму стрыманыя і строгія, людзі ў пагонах ніколі не прэтэндавалі на званне публічных персон. І нават сёння былі нешматслоўныя ў інтэрв'ю. Нараўне з традыцыйнымі гутаркамі пра службу і заслугі, мабыць, менавіта пытанні пра ўзросіт сталі галоўным кампліментам. Бо запрошаныя ў Палац Незалежнасці афіцэры - маладыя генералы. Высокае званне атрымалі ў 45.

Дзень абаронцы Айчыны для іх ужо не проста мужчынскае свята. Менавіта сёння стаў асаблівай адзнакай у асабістай біяграфіі. Да мужнасці, доблесці і прынцыповасці высокае прызнанне дадасць не толькі новыя якасці, але і абавязкі.

Віншаванні сёння гучаць у адрас усіх прадстаўнікоў моцнага полу, але, безумоўна, галоўныя героі - тыя, хто служыць або служыў у шэрагах Узброеных Сіл. Урачыстыя сустрэчы, канцэрты для ветэранаў і памятныя мерапрыемствы ля мемарыялаў воінскай славы. У сталіцы цэнтрам афіцыйных урачыстасцяў стала плошча Перамогі. Першым да падножжа манумента лёг вянок ад Прэзідэнта.

Пасля хвіліны маўчання ў памяць пра загінуўшых і выканання дзяржаўнага гімна Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з ветэранамі і іншымі беларусамі, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. Гэта была шчырая гутарка. У Прэзідэнта знайшліся словы ўдзячнасці і падтрымкі.

Кідкія білборды, расцяжкі… І дата 23 Лютага… Кветкі ля манументаў і асабіста ў рукі… Як даніна павагі вайскоўцам усіх пакаленняў. І адначасова напамінак, якой цаной 70 гадоў таму Беларусі дасталіся мір і спакой.