Стратэгічныя ініцыятывы. На нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі 7 вялікіх рашэнняў

15 марта 2020
Пачнём праграму з найважнейшай тэмы для эканомікі краіны - жыццяздольнасць прадпрыемстваў. Банкруцтва - заўсёды цяжкі ўдар па працоўным калектыве і рэгіёне. Асабліва калі вытворчасць горадаўтваральная. Лібералы, вядома, скажуць: звычайнае аздараўленне эканомікі. Але гэта толькі ў тэорыі. А на практыцы нават Еўрапейскі саюз ужо распрацаваў дырэктыву, якая так і завецца "Другі шанц".  Да пытання другога шанцу для банкрутаў сістэмна падышла і Беларусь. На тыдні Кіраўнік дзяржавы пасля сур'ёзнага абмеркавання даручыў адправіць праект закона ў парламент, сабраць лепшыя прапановы і ўжо сёлета даць працоўным калектывам абарону. Не здымаецца і прапанова прафсаюзаў страхаваць на выпадак банкруцтва. І гэта не папулізм, а нармальная дзяржаўная палітыка, адзначыў Прэзідэнт. 

Усяго ў панядзелак глыбока абмяркоўвалі адразу 7 сур'ёзных навацый. У іх ліку - новая дэпазітарна-закладная сістэма збору тары. Пластык, метал або шкло, як у Літве або Швейцарыі, прапаноўваецца збіраць тараматамі. Гэта нешта накшталт банкаматаў, але для слоікаў і бутэлек. Прэзідэнт, безумоўна, падтрымлівае перапрацоўку і сам выступаў ініцыятарам большасці зялёных тэхналогій. Але тут паўсталі пытанні. Чаму цягнем да 2022 года і чаму не працуе яшчэ савецкая сістэма прыёму тары і другаснай сыравіны? Можа, перш чым гарадзіць новую сістэму, проста давесці да ладу ранейшую? 

Таксама дэталёва абмяркоўвалі рэформу натарыяту, тут быў заклік да акуратнасці. Інтарэсы людзей важнейшыя. Гучна прагрымела і тэма падтрымкі электракараў і шырэй электратранспарту - пра гэта падрабязней яшчэ распавядзём і пакажам. У цэнтры ўвагі было і пытанне заахвочвання мясцовай улады. Дамовіліся так: калі раён па рэальных паказчыках (прыбытках, бюджэце, інвестыцыях у развіццё) лепшы за сярэдзінку па вобласці, тады можна прэміраваць спецыялістаў. 

І, нарэшце, яшчэ адна актуальная тэма - захаванасць агратэхнікі. На старце вясновых палявых работ пытанне важнае. Прыватнік свой трактар і без кантралёраў дагледзіць, а вось там, дзе дапамагае дзяржава, патрэбен парадак. І такі парадак навядуць, без дадатковых кантралёраў, але жорстка. 

Вынік: абарона людзей, экалогія, гаспадарская руплівасць, новая энергетыка і эканоміка - 7 вялікіх спраў, якія без цяганіны, але і без мітусні пралічылі на вышэйшым узроўні. Большасць навацый пасля ўдасканалення пачне працаваць для беларусаў сёлета.