Нарада ў Прэзідэнта з кіраўнікамі дыппрадстаўніцтваў Беларусі

17 июля 2014

Сёння на вялікай нарадзе ў Прэзідэнта былі выразна расстаўленыя акцэнты ў знешнепалітычным курсе нашай краіны. У зале Палаца Незалежнасці сабраліся ўсе тыя, ад каго рэалізацыя пастаўленых сур'ёзных задач залежыць у першую чаргу, - кіраўнікі дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі. Геаграфія краін і рэгіёнаў, з якімі мы супрацоўнічаем, шырокая, а таму і размова атрымалася грунтоўнай. Ад еўразійскага вектара і ўзаемадзеяння з ЕС да кадравай мадэрнізацыі і бяспекі нашай атамнай станцыі. У новых геапалітычных рэаліях трэба быць моцнымі - і палітычна, і эканамічна, заяўляе Прэзідэнт і безумоўным прыярытэтам дзейнасці нашага дыпкорпусу абазначае менавіта эканоміку. Пра пастаўленыя задачы і расстаўленыя акцэнты рэпартаж Андрэя Крывашэева.


Знешняя эканоміка і дыпламатыя - гэта тонкі, але стратэгічны механізм любой дзяржавы. Асабліва, калі ён будуецца з суверэнных пазіцый і зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў. Менавіта такую знешнюю палітыку праводзіць Беларусь, не выкарыстоўваючы на сваю карысць геапалітычныя разломы і не падыгрываючы авантурыстам сусветнага маштабу. Менавіта такая прагматычная знешняя палітыка абавязвае рэгулярна звяраць гадзіннікі афіцыйнага Мінска і нашых дыпламатаў ва ўсіх гадзінных паясах планеты - ад ЗША і Канады да Кітая і Аўстраліі.


Па добрай традыцыі сёння Кіраўнік дзяржавы правёў планавую нараду з дыпкорпусам, расставіўшы акцэнты і ў тактыцы, і ў стратэгіі. Стратэгія - быць моцным, каб быць незалежным.


Падзеі ва Украіне, якія паставілі свет на мяжу новай халоднай вайны, наглядна прадэманстравалі, што дзеючая сістэма міжнароднай бяспекі, на жаль, не працуе. У той жа час завяршэнне вострай фазы сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу класічным чынам супала з перадзелам сфер уплыву. Гэтая новая сітуацыя справакавала рэзкі рост цікавасці да нашага рэгіёна з боку асноўных вядучых сусветных дзяржаў. І нам трэба дбайна прааналізаваць гэтую сітуацыю, выкарыстаць яе максімальна прагматычна для пасоўвання сваіх нацыянальных інтарэсаў, абароны цэласнасці і незалежнасці краіны.



Украінская трагедыя інтарэсы Беларусі закранае напрамую. Ад стрыманасці тут залежаць жыцці па абодва бакі мяжы. І эканоміка як фактар стабільнасці адыгрывае вырашальную ролю.


Напярэдадні нарады стала вядома: Кіеў пагражае ўвесці спецпошліны на шырокую лінейку беларускага экспарту - ад малака і шын да халадзільнікаў і калію. Гэта ўдар не столькі па нашых вытворцах, колькі па сваіх спажыўцах. Пасол Беларусі ў Кіеве звышвопытны Валянцін Вялічка стрыманы і канструктыўны - ёсць час спыніць гандлёвую вайну.


Яшчэ адзін фактар будучай дыпламатыі - мяккая, але дэструктыўная сіла націску звонку. Будучы год - гэта год прэзідэнцкіх выбараў, а значыць спробы расхістаць маналіт беларускай сістэмы будуць. Краіна да гэтага гатовая, падкрэслівае Прэзідэнт.


Сур'ёзна і надоўга - гэта і пра стратэгічныя ўкладанні Беларусі. Атамная энергетыка, вялізная інфраструктура хакейнага чэмпіянату, мадэрнізаваны аграсектар і дрэваапрацоўка - усе навацыі павінны пасоўвацца дыпламатамі на знешніх рынках. Гэтае прамое даручэнне Кіраўніка дзяржавы.


Сёння беларускія паслы дзейнічаюць у 56 краінах свету. З улікам консулаў, пастаянных прадстаўнікоў і сумяшчальніцтва айчынная дыпламатыя пакрывае 106 дзяржаў планеты. Гэта вынік двух дзесяцігоддзяў карпатлівай працы. Палітолагі часта называюць яе эпохай дыпламатычных адкрыццяў Беларусі. Так, для экспарцёраў былі адкрытыя Лацінская Амерыка, Персідскі заліў, Азія і Акіянія, стратэгічныя Кітай, Венесуэла, Бразілія, Іран і самы свежы прыклад - Аўстралія. На Зялёным кантыненце зачапіліся БелАЗамі, зараз умацоўваем праз гуманітарны фактар.


Кардынальна пашыраць геаграфію прадстаўніцтваў Беларусь не збіраецца. Даручэнне Прэзідэнта - манеўраваць вопытнымі кадрамі. Як павінна працаваць мабільная дыпламатыя, відаць на прыкладзе Афрыкі: узарвалася паўночная - пайшлі ўглыб кантынента. Эфіопія, Нігерыя і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка зараз плацдармы для беларускіх інтарэсаў. Такая хуткасць патрабуе кадравай мадэрнізацыі і не столькі ад дыпламатаў (яны прафесіяналы), колькі ад маркетолагаў на прадпрыемствах і ў тавараправоднай сетцы. Прамое даручэнне Прэзідэнта МЗС і ўраду - прывесці ў прытомнасць усю экспартную сетку Беларусі. Ад дылера ў Расіі да Нацыянальнага агенцтва па інвестыцыях дома.


Яшчэ адзін важны рэзерв Беларусі - паслугі, інвестыцыі ў лагістыку, дарогі, сэрвіс, навуку і адукацыю павінны прыносіць вялікую аддачу, упэўнены Прэзідэнт. Як гэта будзе працаваць, дакладвае новы пасол у Турцыі Андрэй Савіных.


Гістарычным паваротам у інтэграцыі Аляксандр Лукашэнка называе Еўразійскі эканамічны саюз. Пры ўсіх нюансах Расія і Казахстан ёсць і будуць ключавымі саюзнікамі.


Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка ў дакладзе называе мінімум чатыры пункты росту. Гэта ўдзел у дзяржзакупках і мадэрнізацыі расійскага ВПК - гіганцкі сектар таго, што Беларусь ужо паспяхова выпускае. Плюс магчымасці лізінгу, зборачных вытворчасцяў і сэрвісных цэнтраў. З апошнім відавочна недапрацоўваем. Прыклад перад вачамі - траса Мінск - Масква.


У цэлым адносіны з заходнімі партнёрамі (ЗША і Еўрасаюзам) за мінулыя два гады Прэзідэнт ацэньвае як зрух у бок прагматызму. Ёсць рознагалоссі ў палітыцы, але лічбы росту ўзаемнай эканомікі выклікаюць аптымізм.


Глыбокі аналіз Прэзідэнта стратэгічных кірункаў знешняй эканомікі і палітыкі (менавіта ў такой паслядоўнасці) падмацаваны тактычнымі планамі МЗС па кожнай з дзяржаў. Да канца года гэтая маштабная работа па даручэнні Кіраўніка дзяржавы будзе скончаная, дакладвае профільны міністр. Акрамя таго, Уладзімір Макей прапануе актывізаваць работу дыпламатыі ў рэгіянальных саюзах - такіх, як БРІКС, ШАС і МЕРКАСУР. Саюзы - гэта будучая карціна свету. І яшчэ адзін жыццёвы інтарэс беларусаў, асабліва ў летні адпускны сезон - візавы.


Кіраўнік урада ў сваім дакладзе робіць акцэнт на дзейснай звязцы вытворца - міністэрства - пасольства. Тры ў адным і з адной мэтай. Ва ўсіх краінах, дзе сістэма працуе, эфектыўнасць продажаў на парадак вышэйшая. Таксама Савет Міністраў просіць у дыпламатаў больш аналітыкі пра краіну знаходжання, без інфармацыі годна канкурыраваць з карпаратыўнымі монстрамі амаль немагчыма.


Ужо падводзячы вынікі комплекснай нарады, Прэзідэнт анансуе наступнае - па якасці беларускага экспарту. Ад яго залежыць не толькі брэнд канкрэтнага пастаўшчыка і рэнамэ дыпламата, але імідж усёй Беларусі. А добрае імя краіны неацэннае.


Адзін з галоўных вынікаў сённяшняй нарады ў Кіраўніка дзяржавы - ацэнка структуры і якасці беларускай дыпламатыі. Прэзідэнт падкрэслівае: за межамі краіны сёння працуюць прафесіяналы, а сетка пасольстваў з улікам адкрытых у Катары, Манголіі, Аўстраліі і ў будучыні ў Пакістане аптымальная і дазваляе галоўнае - падтрымліваць эканамічныя амбіцыі суверэннай дзяржавы. І тактыка, і стратэгія ў Беларусі ёсць, яна працуе на аўтарытэт краіны і яе дабрабыт. Г. зн. нарада і семінар для дыпламатаў - гэта не ломка сістэмы, гэта ювелірная настройка нашых пазіцый і аргументаў у як ніколі рухомым свеце.