А.Лукашэнка: Вырашэнне камунальных праблем насельніцтва павінна быць у топе прыярытэтаў для кіраўнікоў рэгіёнаў

20 октября 2017

Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі павінны быць пад'ёмнымі для народа.

Такую заяву зрабіў Прэзідэнт Беларусі на рэспубліканскім семінары па ўдасканаленні ЖКГ. У Палацы Незалежнасці сабралася больш за 250 чалавек - гэта службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў і арганізацый, прадстаўнікі мясцовых улад. Галоўнае пытанне - як палепшыць сістэму ЖКГ. Гэта тэма заўсёды хвалюе людзей. На думку Кіраўніка дзяржавы, вырашэнне камунальных праблем павінна быць заўсёды ў топе прыярытэтаў для кіраўнікоў рэгіёнаў. У галіне зроблена нямала ў плане зніжэння сабекошту, павышэння якасці паслуг і развіцця тэхналогій. Згодна з апытаннямі, 66 % насельніцтва станоўча ацэньваюць працу камунальных службаў. Але амаль траціна апытаных дае негатыўную ацэнку. І пакуль у адрас сістэмы ЖКГ чутна крытыка, супакойвацца рана. Найбольшае хваляванне ў людзей выклікае кошт паслуг.

Да 2020 года стаіць задача - адысці ад перакрыжаванага субсідзіравання. Зрабіць гэта трэба за кошт павышэння эфектыўнасці працы галіны. Выступаючы на семінары, Прэзідэнт спыніўся на вострых пытаннях камунальнай сферы. Гэта і праблемы капрамонтаў, якасць вады, абыходжанне з адходамі, пошук рэзерваў для зніжэння выдаткаў на цеплазабеспячэнне. Як аказалася, рэальна скараціць іх на 20 %. Гэта ўжо пралічылі ў Мінжылкамгасе. Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што не можа дапусціць бескантрольнага стану спраў у гэтай жыццёва важнай галіне. Структура ЖКГ Беларусі павінна быць адзіная і кіруемая.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў удзельнікаў семінара да актыўнай працы па навядзенні парадку ў жыллёва-камунальнай сферы. Усё, што абмяркоўвалася на рэспубліканскім семінары, Прэзідэнт даручыў давесці да кожнага работніка галіны. 

Усе падрабязнасці сур'ёзнай гутаркі аб ЖКГ - у вячэрніх выпусках навін.

.