Супрацоўніцтва Беларусі з рэгіёнамі Расіі і на адыходным тыдні было ў верхніх радках навін

14 апреля 2013

Апошнім часам назіраецца вялікая актывізацыя працы ў дадзеным кірунку. Сёлета Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з лідарамі Амурскай, Ніжагародскай абласцей, Рэспублікі Татарстан. На тыдні ў Мінску пабывала яшчэ адна прадстаўнічая дэлегацыя - з Пензенскай вобласці.  Губернатара  Васіля Бачкарова, гэта ўжо традыцыя, зноў прыняў Прэзідэнт Беларусі і сустрэча, трэба сказаць, атрымалася звышвыніковай. Бакі справядліва прызналі, што тавараабарот у 60 мільёнаў долараў не тая лічба, якой можна ганарыцца і, не адкладваючы на доўгі час, дамовіліся аб рэалізацыі цэлага шэрагу праектаў. Пензенскі губернатар прапанаваў беларусам заняцца будаўніцтвам мясцовых дарог.
Згодна з прапановай Васіля Бачкарова, у Пензе цалкам магчыма з'явяцца сумесныя мэблевыя, гарбарныя і швейныя прадпрыемствы. Прэзідэнт з прапановай згадзіўся, тым больш што тэма кааперацыі ў гэтых галінах як ніколі актуальная, улічваючы, якія вялізныя грошы ідуць у Расіі і Беларусі на імпарт і мэблі, і адзення, і абутку. З'яўленне сумесных вытворчасцяў  дазволіць з поспехам канкурыраваць з засіллем замежных тавараў на нашых прылаўках і створыць новыя рабочыя месцы.