Сітуацыя на рынку працы - галоўная тэма на вялікай нарадзе ў Прэзідэнта

14 мая 2015

Сітуацыя на рынку працы ў Беларусі сёння стала галоўнай тэмай на вялікай нарадзе ў Прэзідэнта. Сацыяльнай сферы ў нашай дзяржаве, як вядома, асаблівая ўвага - яна ў літаральным сэнсе ахоплівае інтарэсы кожнага беларуса, і, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, напроста ўплывае на стабільнасць грамадства і дзяржавы. На сёння на рынку працы ў цэлым сітуацыя стабільная. Тут можна гаварыць і аб уплыве на ўзровень беспрацоўя - прынятага закону аб утрыманстве. Але застаюцца і негатыўныя тэндэнцыі. Захаваць кваліфікаваныя кадры і не дапусціць сацыяльнай напружанасці ў грамадстве. Такія першарадныя задачы сёння перад урадам паставіў Прэзідэнт. Якія рашэнні былі прынятыя - падрабязнасці нарады ў рэпартажы Вольгі Макей.

Паводле дадзеных  Белстата, колькасць насельніцтва краіны больш як 9 мільёнаў 480 тысяч чалавек.  Зрабіць так, каб кожны беларус быў задаволены жыццём -  складаная, але выканальная задача дзяржавы. Нават нягледзячы на няпростую эканамічную сітуацыю ў рэгіёне, бюджэт краіны захоўвае менавіта сацыяльную скіраванасць.

Акрамя таго, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, пошук новых рынкаў збыту для нашай прадукцыі, бізнес-форумы, на якіх Беларусь дэманструе свае магчымасці -  усё, аб чым у апошні час гавораць так часта - не простыя словы. У канчатковым выніку гэта адлюстроўваецца і на кожным з нас, бо чым больш эфектыўна працуе, да прыкладу, канкрэтнае прадпрыемства, тым больш магчымасцяў павысіць зарплату супрацоўнікам. Але гэта прыватны прыклад.

Ужо не першы год Беларусь у ходзіць у групу краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. З амаль дзвюх сотняў дзяржаў займае 53 радок і апярэджвае ўсіх партнёраў па СНД.

Гэты рэйтынг складаецца па трохмернай карціне жыцця: ацэньваюцца дасягненні ў галіне аховы здароўя, адукацыі і разлічваецца нацдаход па парытэце пакупальніцкай здольнасці.

У апошнія гады за кошт нараджальнасці ў 4 разы атрымалася скараціць натуральнае змяншэнне насельніцтва. Сваю ролю тут сыгралі развіццё аховы здароўя і бонусы для сем'яў з дзецьмі. Асаблівая ўвага і пажылым людзям. Пенсіянераў у Беларусі больш як 2 мільёны чалавек, гэта пятая частка насельніцтва.

Яшчэ звяртаючыся з Пасланнем да народа і Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт: пажылых людзей, якія ўнеслі свой ўклад у развіццё краіны, без увагі не пакінуць.

Асаблівая ўвага і ахове здароўя. У гэтай сферы краіна займае лідзіруючыя пазіцыі. А беларускія ўрачы навучыліся рабіць найскладанейшыя аперацыі па перасадцы органаў. Як вядома, лепшая таблетка ад хвароб - гэта спорт. Таму ў апошнія гады сучасныя спартыўныя аб'екты з'явіліся ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Тым не менш, у сацыяльнай сферы застаецца яшчэ шэраг нявырашаных праблем. Аб іх сёння гаварылі на нарадзе ў Прэзідэнта.

Абмеркаванне сітуацыі на рынку працы і пытанняў сацабароны насельніцтва працягвае чараду нарад па найважнейшых сферах жыцця краіны. Сельская гаспадарка, прамысловасць, транспарт - у гэтых галінах акцэнты на найбліжэйшы час расстаўленыя. Чарга - сацыяльнай сферы. Бо дабрабыт беларусаў, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця - галоўныя мэты дзяржавы.

Яшчэ на мінулым тыдні, прымаючы з дакладам міністра працы і сацабароны, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: некаторыя прадпрыемствы перажываюць эканамічны спад, таму і ў калектывах становішча няпростае. Варта прадумаць комплекс мер і, нягледзячы на аптымізацыю на вытворчасцях, захаваць кваліфікаваныя кадры.

Сённяшняя нарада - працяг гэтай тэмы. У зале - 2 дзясяткі чалавек. Урад, адміністрацыя Прэзідэнта, міністры і губернатары. Пытанне нумар 1 - сітуацыя на рынку працы Беларусі. Гэтая тэма закранае інтарэсы шматлікіх людзей. Скарачаецца колькасць занятага насельніцтва і Прэзідэнт прапаноўвае разабрацца ў прычынах гэтых негатыўных тэндэнцый.

Сёння колькасць беспрацоўных у Беларусі - больш за 43 тысячы чалавек. Яшчэ 2 дзясяткі гадоў таму іх было куды больш. Аб'явы "Шукаю працу" гатовыя былі падаць амаль 3 працэнты эканамічна актыўнага насельніцтва. За гэты час лічбу атрымалася скараціць больш чым утрая. Зараз не дацягвае і да 1 працэнта. Да шчасця, да ўзроўню гэтага паказчыку ў найбліжэйшых суседзяў Беларусі далёка. У Польшчы, Літве і Латвіі колькасць беспрацоўных у разы большая.

Тым не менш, у апошні час ёсць тэндэнцыя да росту колькасці непрацаўлдакаваных. Але, на думку прэм'ер-міністра краіны, сітуацыя кантраляваная, а ўзровень беспрацоўя характарызуе наяўнасць канкурэнцыі за працоўныя месцы.

Эксперты рост колькасці непрацаўладкаваных звязваюць у тым ліку і з прыняццем Дэкрэта №3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Шматлікія беспрацоўныя пад страхам штрафаў папросту выходзяць з ценю і звяртаюцца ў службы занятасці. За 4 месяцы гэтага года жаданне ўсё-такі завесці працоўную кніжку і працаваць узнікла ў 16 тысяч чалавек. На папярэднім месцы Дзмітрый трапіў пад скарачэнне. Шукае працу ўжо паўтара месяца. Сядзець без справы не можа - па адукацыі інжынер-энергетык. Спрабаваў шукаць па аб'явах, але на справе апынулася, што звярнуцца ў цэнтр значна больш эфектыўна

У службах занятасці - шматлюдна. Штодня ў Мінску знаходзяць працу амаль сто чалавек. Сярэднестатыстычны беспрацоўны - мужчына 39 гадоў.  А сярод самых папулярных прафесій - вадзіцелі, дапаможныя працоўныя, грузчыкі. Праўда, колькасць вакансій па гэтых спецыяльнасцях зніжаецца.

Хто шукае, той знойдзе. А каб пазбавіцца ад негатыўных тэндэнцый па скарачэнні колькасці занятых, дзяржаве трэба выпрацаваць шэраг мер.  У першую чаргу кіраўнікам на месцах патрэбна прадумаць спосабы пераразмеркавання кадраў.  Бо пакуль не ўсе прадпрыемствы своечасова паведамляюць аб сваіх вакансіях.

У планах і ўдасканаленне падыходаў да адукацыі, гэта значыць павялічыць набор студэнтаў у сярэднія навучальныя ўстановы па самых запатрабаваных спецыяльнасцях. Віцэ-прэм'ер Наталля Качанава ўжо пасля нарады дзеліцца: галоўная задача - захаваць працоўныя калектывы. Неабходна зрабіць так, каб без працы ніхто не застаўся. Але для таго, каб працавалі людзі, эфектыўна павінна працаваць эканоміка. Разгрузка складоў, пошук рынкаў і дыверсіфікаванне застаюцца прыярытэтнымі задачамі.

Гэтую тэму працягнуць і заўтра. Аб праблемах і перспектывах Аляксандр Лукашэнка з першых вуснаў даведаецца ад калектыву Мінскага трактарнага. У найбліжэйшы час Кіраўнік дзяржавы, як і абяцаў, азнаёміцца з сітуацыяй і на іншых флагманах беларускай прамысловасці.