Сёння на нарадзе Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў тэмпы развіцця Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка

14 февраля 2014

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка незадаволены тэмпамі стварэння і развіцця Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка.


Сёння на нарадзе па пытаннях рэалізацыі гэтага праекта Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў працу ўрада. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, былі створаныя беспрэцэдэнтныя ўмовы: для рэзідэнтаў устаноўленае льготнае падаткаабкладанне. Распрацаваны і асаблівы дзяржаўна-прыватны механізм кіравання паркам. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні, рэалізацыя праекта ідзе маруднымі тэмпамі. Толькі на распрацоўку і ўзгадненне генплана пайшло 8 месяцаў. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў яшчэ раз дбайна прааналізаваць межы тэрыторыі, адведзеныя для першых вытворчасцяў. Прэзідэнт таксама нагадаў аб недапушчальнасці ўшчамлення інтарэсаў жыхароў, чые дамы знаходзяцца ў межах індустрыяльнага парка.


Канцэпцыя праекта прадугледжвае развіццё такіх прыярытэтных кірункаў, як электроніка, біямедыцына, тонкая хімія і машынабудаванне. Сёння падпісаны шэраг рамачных пагадненняў як з айчыннымі, так і замежнымі кампаніямі - патэнцыйнымі рэзідэнтамі парка. У іх ліку вытворцы камунікацыйнага абсталявання - кітайскія гіганты ZTE і Huawei.