Сёння Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прэм'ер-міністрам Славакіі

25 ноября 2016

Роберт Фіца прыбыў у Мінск з афіцыйным візітам.

Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўдзячны Славакіі за нармалізацыю адносін Мінска і Бруселя. Прэзідэнт выказаў надзею, што прыезд славацкай дэлегацыі стане новым крокам у развіцці адносін паміж краінамі. Бакі абмеркавалі ўсе пытанні ўзаемнага супрацоўніцтва. Зараз Славакія з'яўляецца старшынёй у Еўрасаюзе, таму значная частка перамоў была прысвечана прасоўванню дыялогу па лініі Беларусь - ЕС.

Славакія - важны для нас партнёр у Цэнтральнай Еўропе. Гэтая краіна выказвае цікавасць да цеснага супрацоўніцтва з Беларуссю як мінімум па пяці эканамічных кірунках. Прэзідэнт падтрымаў прапановы славацкага боку па сумесных праектах у фармацэўтыцы, атамнай энергетыцы, вытворчасці шын, дрэваапрацоўцы, газавай сферы, а таксама ў абароннай прамысловасці. Пры гэтым беларускі бок гатовы максімальна хутка пачаць дэталёвае абмеркаванне і рэалізацыю гэтых праектаў.

Роберт Фіца, старшыня ўрада Славакіі: "Я абсалютна адкрыты да любога дыялогу і вельмі рады нашым перамовам. Я упершыню наведаў Беларусь у 2003 годзе. І калі зараз ехаў па Мінску, яго наваколлях, я ўбачыў шмат новых сучасных будынкаў. Гэта ўражвае. Мы пачалі наш дыялог тады, у 2003 годзе, у працяг гэтага дыялогу ў 2009 годзе ў Беларусі пабываў міністр замежных і еўрапейскіх спраў. Дыялог працягваўся і пасля 2010 года, але ён ужо не быў такім актыўным. Я вельмі рады, што сённяшнюю сустрэчу мы можам успрымаць як новы імпульс у двухбаковых адносінах. Славакія ўспрымае Беларусь як дружалюбную краіну".

У праграме славацкага прэм'ера серыя сустрэч, у тым ліку ва ўрадзе. Роберт Фіца наведае таксама Віцебск, дзе дзейнічае славацкая фармацэўтычная кампанія "Націвіта". Яна спецыялізуецца па распрацоўцы і выпуску інавацыйных лекаў. Зараз у Беларусі працуюць амаль тры дзясяткі кампаній з удзелам славацкага капіталу. Ключавыя сферы супрацоўніцтва - энергетыка, машынабудаванне, фармацэўтыка.