Аляксандр Лукашэнка прыняў шэраг кадравых рашэнняў

29 декабря 2016

Сёння Кіраўнік дзяржавы прыняў шэраг кадравых рашэнняў. Васіль Жарко прызначаны намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што  на пасаду віцэ-прэм'ера прэтэндавалі 7 чалавек. І сёння ж новага кіраўніка здабыў Дзяржпагранкамітэт - ім стаў генерал-маёр Анатоль Лапо. Аб усім па парадку - Вольга Макей. Намеснікам прэм'ер-міністра стаў Васіль Жарко. Гэты год у дасведчанага кіраванца - юбілейны. Уласнае 60-годдзе адсвяткаваў у маі, і з іх 10 гадоў - на чале беларускай сістэмы аховы здароўя. Дарэчы, Жарко ў Саўміне - рэкардсмен. На гэтай пасадзе ён быў даўжэй за ўсіх цяперашніх калегаў-міністраў - з 2006 года. Такі вопыт - важкі аргумент на карысць сушукальніка. Прэзідэнт не раз прызнаваўся: кадравыя рашэнні заўсёды прымае пасля дбайнага вывучэння ўсіх магчымых кандыдатур. На гэтую пасаду іх было нямала.

Кар'еру медыка Васіль Жарко пачынае студэнтам медуніверсітэта. Пазней працуе педыятрам у Брэсцкай абласной бальніцы, а затым і намеснікам галоўнага ўрача. Бліжэй да сталіцы ён перабіраецца ў пачатку 2000-ых. Кіруе санаторыем "Крыніца", узначальвае прафсаюзныя здраўніцы і Чырвоны Крыж. Зараз яго задачы значна шырэйшыя. Бо сацыяльная сфера ўключае не толькі ахову здароўя, яшчэ і адукацыю, і спорт. Па ўсіх гэтых кірунках трэба будзе вырашыць шмат задач. Зрэшты, працаваць новы віцэ-прэм'ер будзе ў звязку з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай.

Медыкі па-за залежнасцю ад святаў заўсёды на пасту, як і пагранічнікі. У гэтага ведамства зараз таксама новы кіраўнік. Да 27 снежня Дзяржпагранкамітэт узначальваў Леанід Мальцаў, але генерал-палкоўнік пайшоў у адстаўку па ўзросце. Зараз на чале ведамства стане Анатоль Лапо. Наперадзе вялікія святы, а гэты перыяд для пагранічнікаў асабліва напружаны. А на будучыню, ставіць задачу Прэзідэнт, трэба будзе працаваць над аптымізацыяй ведамства.

Мяжы Анатоль Лапо прысвяціў усё жыццё. На плячах - зоркі генерал-маёра, за плячамі - паспяховая ваенная кар'ера. Дзве вышэйшыя адукацыі ён атрымаў у Расіі. Служыў у пагранічнай акрузе ў Закаўказзі, дзе прайшоў шлях ад радавога да начальніка штаба пагранкамендатуры. На радзіму ён вяртаецца ў пачатку 90-ых, служыць у Смаргонскім пагранатрадзе, пазней - узначальвае яго. Апошнія два гады Анатоль Лапо займаў пасаду намесніка старшыні Дзяржпагранкамітэта.

Прымаць кадравыя рашэнні менавіта перад Новым годам - ужо традыцыя.  І святы - не падстава расслабляцца для ўсёй вертыкалі ўлады. Бо задач патрэбна вырашыць нямала  ў самых розных сферах, і пачынаць працу трэба ўжо зараз.