Шэраг гучных кадравых рашэнняў прыняты сёння ў Палацы Незалежнасці

11 июня 2019

Гэта два новыя міністры, новыя кіраўнікі ў рэгіянальнай уладзе і рэальным сектары эканомікі, прызначэнні ў сілавым блоку. Новыя пасады атрымалі 12 чалавек. Некаторыя з іх зменяць і месца жыхарства.

Так, зноў пераедзе ў сталіцу памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці, а дагэтуль экс-міністр прамысловасці. Віталю Воўку  зараз адказваць за развіццё Мінскага трактарнага завода. У фокусе новага гендырэктара  рэнтабельнасць вытворчасці, пашырэнне рынку продажаў і выпуск запатрабаванай прадукцыі. З сённяшняга дня новы міністр аховы здароўя. Ім прызначаны Уладзімір Каранік - раней галоўны ўрач Мінскага гарадскога онкадыспансера. Яму даручана заняцца выкараненнем карупцыйных праяў і імпартазамяшчэннем. 

Адразу некалькі змяненяў у мясцовай вертыкалі ўлады. Старшынёй Магілёўскага райвыканкама ўзгоднены Алег Чыкіда. Адказваць за развіццё Ленінскага раёна абласнога горада будзе Аляксей Багайчук. Дэпутат Сяргей Зямчонак узначаліць Лёзненскі раён, у парламенце за ім быў эканамічны блок пытанняў. Новым кіраўнікам трэба будзе акцэнтаваць сваю ўвагу на развіцці новых  напрамкаў у сельскай гаспадарцы і вытворчасці запатрабаванай на рынку прадукцыі.  Больш уважліва варта прыгледзецца да авечкагадоўлі. 

Пытанне першараднай важнасці - нарыхтоўка кармоў. Засуха не спрыяе высокай ураджайнасці. Як дзейнічаць аграрыям - не заўсёды зразумела, бо прагнозы надвор'я  не заўсёды  дакладныя. Адсюль даручэнне Кіраўніка дзяржавы  разабрацца з працай сіноптыкаў. 

Абноўлены і сілавы блок краіны. Так, намеснікам Дзяржсакратара Савета бяспекі стаў Аляксандр Рахманаў. Раней ён працаваў у Следчым камітэце па Брэсцкай вобласці. Кіраўніку ўнутраных спраў (з сённяшняга дня гэтую пасаду заняў экс  намеснік міністра Юрый Караеў) трэба будзе заняцца дысцыплінай у міліцыі. Сумленнасць і справядлівасць у прыняцці рашэнняў павінны стаць прыярытэтам работы сілавога блока. 

Вакантнай міністэрская пазіцыя заставалася нядоўга. Нагадаем, Ігар Шуневіч пасля сямі гадоў на кіруючай пасадзе напярэдадні пайшоў у адстаўку. 

У першым інтэрв'ю адразу ж пасля прызначэння Юрый Караеў падкрэсліў, што мае намер звярнуць увагу на справядлівае стаўленне супрацоўнікаў ведамства да ўсіх без выключэння. 

Па выніках кадравага дня  два новыя прызначэнцы  ў Камітэце дзяржкантролю. Абнавіўся склад Магілёўскага і Брэсцкага абласных камітэтаў. Падоўжаны тэрмін паўнамоцтваў Ілоны Лядніцкай - члена праўлення  Нацыянальнага банка. 

Падрабязнасці кадравых рашэнняў Прэзідэнта  сёння ў "Панараме".



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя