Ратацыя кадраў - рэакцыя на выклікі часу

22 ноября 2020

Адзначыўся гэты тыдзень і кадравымі рашэннямі. У тым ліку нечаканымі - асоба новага кіраўніка Мінкульта і шэрагу паслоў. Многіх з новапрызначаных дыпламатаў мы прывыклі бачыць толькі ў пагонах.

Спынімся на персаналіях. Дыпкорпус узмоцнены адразу некалькімі буйнымі фігурамі. У асаблівым знаёмстве не маюць патрэбы ні Юрый Сянько, ні Андрэй Раўкоў, ні Аляксанда Канюк. З гэтага часу ўсе яны ў рангу дыпламатаў. Гэтай кар'ернай грані ў іх жыцці яшчэ не было. Але на варце беларускіх інтарэсаў стаяў кожны ў сваёй сферы. Так што такая ратацыя - гэта, хутчэй, пра давер надзейным людзям, прафесіяналам і патрыётам.   

Такім чынам, Юрый Сянько закрывае стратэгічны напрамак. Экс-кіраўнік Мытнага камітэта едзе ў Кітай. З пункта погляду эканомікі гэта вялізны рынак. Пачынаць з нуля, вядома, не прыйдзецца, але з улікам маштабу прэзідэнт арыентуе экспарт паставіць у аснову асноў.

Андрэй Раўкоў (у мінулым дзяржсакратар Савета бяспекі) і Аляксандр Канюк (былы генпракурор) паедуць адпаведна ў Азербайджан і Арменію. Абедзве краіны нам блізкія, з абедзвюма сяброўскія сувязі. Але прэзідэнт скажа, бадай, пра галоўнае: рэгіёну патрэбны мір. Без яго эканоміка працаваць не будзе.

Беларускае пасольства ў Пакістане ўзначаліць Андрэй Мяцеліца. Павел Узяткін паедзе ў Кенію (а па сумяшчальніцтве будзе прадстаўляць інтарэсы нашай краіны ў Танзаніі, Угандзе і Эфіопіі).

Змяненні і ў сілавым блоку. Раней намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка пайшоў на павышэнне - да першага намесніка. Зараз ён будзе на чале міліцыі грамадскай бяспекі. На вакантную пазіцыю намесніка міністра пераходзіць Мікалай Карпянкоў. Зараз ён камандуючы ўнутранымі войскамі. Міліцыю Віцебскага рэгіёна ўзначаліць Андрэй Любімаў.

Калі прыгледзецца да прызначэнцаў, а дакладна да іх статусу, відаць важны нюанс. Раней пасада першага намесніка была за кіраўніком крымінальнай міліцыі. Зараз першы намеснік адказвае за грамадскую бяспеку. Прыярытэты з разраду, што сёння больш важнае. Такая ратацыя - пэўная рэакцыя на выклікі часу.  

І яшчэ адна персона, якая здзівіла. У краіне новы міністр культуры. Ім стаў Анатоль Маркевіч. Апошнімі гадамі ён быў правай рукой прэзідэнта ў Брэсцкім рэгіёне, а раней працаваў у мясцовай вертыкалі. Доўгі час узначальваў Навагрудскі раён.

Чаму персона здзівіла? Таму што новаспечаны міністр у культурным асяроддзі дагэтуль не працаваў. Але менавіта тут, па словах прэзідэнта, асабліва прасілі аб прызначэнні іншага кіраўніка.

І сапраўды, назіраючы за падзеямі апошніх месяцаў, мімаволі падумаеш: а чаго больш у культуры - творчасці ці палітыкі? Міністру Маркевічу трэба будзе культурна навесці парадак.