Рэспубліканскі педсавет з удзелам Кіраўніка дзяржавы прайшоў у сталіцы

24 августа 2017

У эпоху найноўшых тэхналогій роля педагога змянілася кардынальна. Сёння пра гэта заявіў Прэзідэнт на вялікім Рэспубліканскім педсавеце.

Найбуйнейшы адукацыйны форум сабраў каля тысячы выкладчыкаў з усёй краіны. Звяртаючыся да іх, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асобна, што для сучаснай эканомікі ведаў найважнейшым рэсурсам з'яўляюцца прарыўныя тэхналогіі. І ў такіх умовах галоўную ролю адыгрывае адукацыя. Беларусь таксама павінна адпавядаць гэтым тэндэнцыям. У першую чаргу гэта тычыцца менавіта педагогаў, якія на першым, найбольш адказным этапе, фарміруюць кадравы патэнцыял краіны.

Задача педагога - даць маладым людзям арыенціры, якія выхаваюць сапраўднага грамадзяніна і патрыёта. Важная роля ў гэтым працэсе адводзіцца сістэме пазакласнай працы і шостаму школьнаму дню. На думку Прэзідэнта, у гэтым кірунку зрабіць трэба яшчэ шмат.

Рэспубліканскі педсавет з удзелам Кіраўніка дзяржавы працягваўся тры з паловай гадзіны. Педагогі змаглі задаць і свае пытанні Прэзідэнту: спецыяльна для гэтага быў прадугледжаны фармат адкрытага мікрафона. Спецыялістаў цікавілі тэмы профільнай арыентацыі ВНУ, іх прывабнасць для замежных студэнтаў, а таксама інфармацыйная бяспека.

Рэспубліканскі педсавет - традыцыйная форма працы напярэдадні новага навучальнага года. Эксперты ўжо другі дзень абмяркоўваюць канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі. У Кодэксе аб адукацыі ўжо закладзены заканадаўчы калідор для асноўнай навацыі - пераходу на абавязковую ўсеагульную сярэднюю адукацыю. Спецыялісты ўпэўнены, што такі крок будзе гарантам паспяховай сацыялізацыі беларускай моладзі. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.

Тэлеверсію пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педсавета з удзелам Прэзідэнта глядзіце сёння на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24" адразу пасля "Панарамы". Пачатак у 21:30.