Развіццё лікёра-гарэлачнай галіны абмеркавалі ўчора на нарадзе ў Прэзідэнта

23 октября 2018

Асноўныя тэмы - абарона ўнутранага рынку, пытанні канкурэнцыі і стымуляванне экспарту. Галоўная задача - нязменная: на беларускім рынку павінен быць толькі якасны прадукт. І тут над вытворчасцю алкаголю жорсткі кантроль дзяржавы. Такі падыход - агульнасусветная практыка.

Сярод праблем у галіне: даўгі, хоць зрухі ў гэтым пытанні ёсць, пазіцыі дзяржпрадпрыемстваў на ўнутраным рынку (іх трэба адваёўваць) і невысокія тэмпы росту экспарту. Урад прапаноўвае ўстанавіць адзіныя рознічныя цэны на некаторыя віды алкагольнай прадукцыі і ўдасканаліць механізм выкарыстання квот для вытворцаў. Будуць стымуляваць і экспартныя пастаўкі.

Прэзідэнт паставіў задачу да новага года ўрэгуляваць усе пытанні. Ведамствам трэба сабрацца разам і выпрацаваць агульную пазіцыю. Галоўная мэта - роўныя ўмовы для дзяржаўных і прыватных кампаній і праца з карысцю і выгадай для краіны.

Яшчэ адна важная тэма, якую асобна абмеркавалі на нарадзе, улічваючы прысутнасць губернатараў, - сельская гаспадарка. Зараз аграрыі завяршаюць уборачныя работы, наперадзе падрыхтоўка да вясновай сяўбы. Цвёрдае патрабаванне Прэзідэнта - збор ураджаю завяршыць да 7 лістапада.