Развіццё беларуска-германскага ўзаемадзеяння сёння абмяркоўваюць у Палацы Незалежнасці

11 декабря 2018

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з паслом Германіі Петэрам Дэтмарам. Такая практыка рэгулярных сустрэч Кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі дыпкорпуса сябе зарэкамендавала. Гэта магчымасць правесці рэвізію двухбаковых адносін і вызначыць перспектывы. Апошнімія гадамі ў адносінах афіцыйных Мінска і Берліна адзначаецца актывізацыя кантактаў, асабліва на палітычным узроўні.

У 2015-ым Мінск наведала канцлер Германіі Ангела Меркель для ўдзелу ў сустрэчы ў нармандскім фармаце.

Гэтым летам у Беларусь прыязджаў Прэзідэнт Германіі, ён прысутнічаў на мерапрыемствах, якія былі прысвечаны адкрыццю мемарыяла ў Трасцянцы. Тады ж Аляксандр Лукашэнка і Франк Вальтэр Штайнмаер правялі двухбаковыя перамовы ў Палацы Незалежнасці.

Апошнім часам расце і тавараабарот. Германія традыцыйна ўваходзіць у лік найважнейшых гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў Беларусі. Па выніках 2017 года заняла чацвёртае месца па аб'ёме тавараабароту (гэта 2 мільярды 800 мільёнаў долараў). Германія - партнёр Беларусі нумар адзін па пастаўках высокатэхналагічнага абсталявання, у тым ліку для мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Словам, ёсць абсалютна ўсе перадумовы для далейшага поўнафарматнага супрацоўніцтва. Беларусь гатова да яго развіцця ў духу ўзаемапавагі і партнёрства.

Краіны не толькі актывізуюць эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, разглядаюць магчымасць стварэння сумесных праектаў у IT-сферы. Нямецкія кампаніі праяўляюць вялікую цікавасць да індустрыяльнага парка "Вялікі камень", ужо рэалізуюцца тры праекты. Сёлета ў лік акцыянераў увайшоў нямецкі лагістычны аператар найбуйнейшага рачнога порта Еўропы. Усё больш эфектыўным становіцца і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і Германіі.