Працягваецца дзяржаўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай

30 сентября 2016

Напярэдадні ў Кіраўніка дзяржавы адбыўся шэраг сустрэч. Галоўная з іх - са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Як адзначылі лідары, Беларусь і Кітай усталявалі адносіны ўсебаковага давернага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Якасна новы статус партнёрства адлюстраваны ў сумеснай дэкларацыі, якую па выніках сустрэчы падпісалі Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін. Акрамя таго, краіны заявілі аб намеры сумесна прасоўваць будаўніцтва "Аднаго пояса, аднаго шляху". Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Сі Цзіньпіну за значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-кітайскіх адносін.

Сі Цзіньпін, старшыня КНР: "Вы - вялікі сябар кітайскага народа. Я высока цаню ваш вялізны ўклад у прасоўванне кітайска-беларускіх адносін. Мы вывелі двухбаковае і шматпланавае ўзаемадзеянне на траекторыю паскоранага развіцця. Ваш візіт праходзіць у вельмі важны момант, калі мы падводзім вынікі кітайска-беларускіх адносін. Кітай і Беларусь - сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням нашы адносіны дынамічна развіваюцца і паднімаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемадавер, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах".

Па завяршэнні афіцыйных перамоў у пашыраным складзе, кіраўнікі дзяржаў працяглы час мелі зносіны ў фармаце адзін на адзін. Падчас сустрэчы палітыкі адзначылі высокі ўзровень адносін, дасягнутых паміж Беларуссю і Кітаем. Па выніках афіцыйных перамоў Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна ордэнам "За ўмацаванне міру і дружбы". Гэта высокая ўзнагарода - новая і ўручалася ўпершыню. Кіраўнік дзяржавы таксама правёў серыю перамоў з найбольш уплывовымі палітыкамі Паднябеснай. Прэзідэнт сустрэўся са старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам, а таксама са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў КНР Чжан Дэцзянам. Сёння Прэзідэнт Беларусі правядзе перамовы з прэм'ерам дзяржсавета КНР Лі Кэцянам. Затым Аляксандра Лукашэнку чакаюць студэнты Пекінскага ўніверсітэта, дзе беларускі лідар выступіць з лекцыяй.