Прэзідэнты канстатавалі плённасць сустрэчы ў Маскве

25 декабря 2013
Беларусь, Казахстан і Расія поўныя рашучасці падпісаць дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў вызначаныя раней тэрміны. Ён павінен пачаць працу з 2015 года. Гэта ўчора заявіў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі тэмы далейшага развіцця інтэграцыйнага ўзаемадзеяння. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праца па інстытуцыянальнай частцы праекта дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў цэлым завершаная. Разам з тым па-ранейшаму не ўзгодненыя некалькі адчувальных пазіцый, якія істотна замаруджваюць інтэграцыю. На думку Прэзідэнта Беларусі, саюз павінен быць менавіта міжнароднай арганізацыяй.

Акрамя таго, рашэння патрабуе і пытанне пра места размяшчэння органаў саюза. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэтае пытанне чарговы раз становіцца каменем спатыкнення. Таксама Прэзідэнт прапанаваў зафіксаваць у дагаворы прызнанне нацыянальнага рэжыму ў гандлі таварамі, разгляд тавараў адзін аднаго як сваіх уласных і вывядзенне іх з-пад усякіх выняткаў. Тройка зацвердзіла дарожную карту па далучэнні да Мытнага саюза і АЭП Арменіі. Амаль гатовы аналагічны дакумент і ў дачыненні да Кыргызстана. Дапрацоўкай функцыянальнай часткі дагавора займаецца Еўразійская эканамічная камісія. Па выніках перамоў бакі падпісалі шэраг дакументаў і канстатавалі плённасць сустрэчы.