Прэзідэнты Беларусі і Егіпта ацанілі патэнцыял гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва

18 июня 2019

Сёння ў Палацы Незалежнасці прымаюць Прэзідэнта Егіпта. Афіцыйны візіт у Мінск Абдэля Фатаха аль-Сісі стаў першым не толькі асабіста для яго, але і ў цэлым для кіраўніцтва гэтай паўночнаафрыканскай дзяржавы з моманту ўстанаўлення дыпадносін з нашай краінай - а ім ужо 27 гадоў.

Актыўным перамовам і рашэнню дзелавых пытанняў папярэднічае афіцыйная цырымонія сустрэчы і знаёмства з дэлегацыямі абедзвюх краін. Пасля перамоў адзін на адзін прэзідэнты далучацца да абмеркавання двухбаковага супрацоўніцтва. Палітычны дыялог і асабістыя адносіны паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Абдэлем Фатахам аль-Сісі заўсёды вызначаліся адкрытасцю. Паміж дзвюма краінамі няма праблемных пытанняў. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь і паўночнаафрыканская рэспубліка здольныя падняцца на новую ступень у развіцці адносін. Ужо закладзены добры падмурак для будучых сумесных праектаў. Беларусь дапамагае Егіпту ў індустрыялізацыі краіны, абнаўленні тэхналогій і стварэнні рабочых месцаў. Зараз дзяржавы распрацоўваюць і рэалізуюць больш за 15 сумесных праграм у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы і падрыхтоўцы кадраў. У дэльце Ніла збіраюць беларускую сельгастэхніку, пагрузчыкі "Амкадор". Летась запушчаная сумесная зборка аўтатэхнікі МАЗ. У Александрыі з канвеера сышлі ўжо больш за 70 машын. Абодва лідары сышліся на думцы, што патэнцыял партнёрства значна вышэйшы.

Высокі госць адзначыў: гатовыя актыўна развіваць з Беларуссю партнёрства ў многіх кірунках, гэта не толькі вышэйназваныя прамысловасць і сельская гаспадарка. Існуе і ўзаемная цікавасць у развіцці турызму. Усе дамоўленасці плануецца змацаваць подпісамі. А па выніках перамоў чакаецца і дарожная карта - план развіцця адносін на два гады.