Прэзідэнт патрабуе заняцца развіццём Бялыніцкага раёна

11 июля 2018

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка патрабуе заняцца развіццём Бялыніцкага раёна і на прыкладзе СВК "Калгас Радзіма" арганізаваць у рэгіёне эфектыўныя сельскагаспадарчыя вытворчасці. Адпаведныя даручэнні Кіраўнік дзяржавы даў падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. Прэзідэнт канстатаваў, сацыяльна-эканамічныя паказчыкі раёна зваліліся. На думку Кіраўніка дзяржавы, раёну неабходна арыентавацца на вопыт "Калгасу Радзіма", дзе створана паспяховая вытворчасць дзякуючы інавацыйным падыходам да працы і гаспадарчаму стаўленню да справы. За значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і высокія вытворчыя паказчыкі калектыў легендарнага СВК "Калгас Радзіма" ўдастоены падзякі Прэзідэнта.

"Радзіма" - гэта моцная гаспадарка ў Бялыніцкім раёне. Тут робяць стаўку на малако і мяса. І маюць лепшыя паказчыкі ў раёне і вобласці. Амаль 40 гадоў гаспадарку ўзначальвае Аляксандр Лапацентаў. Ён натхняе каманду СВК развівацца. Сёння ў "Радзіме" намалочваюць звыш 40 працэнтаў усяго збожжа ў раёне. Два гады таму тут пабудавалі ферму на 1200 галоваў. Яе ўзвялі за кошт уласных сродкаў. Аляксандру Лукашэнку паведамілі пра нарыхтоўку травяных кармоў і гатовасць да ўборкі ўраджаю ў краіне ў цэлым, Магілёўскай вобласці і Бялыніцкім раёне.

У Беларусі ўборку збожжа пачалі 4 вобласці. Масавая кампанія пачнецца ў пачатку наступнага тыдня. Вось як ацаніў падрыхтоўку гаспадарак да гарачай пары міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц.

Прагнозы на ўборку збожжа аграрыі рабіць пакуль не спяшаюцца, але плануюць захаваць узровень мінулага года.