Прэзідэнт расставіў прыярытэты знешняй палітыкі краіны

11 июля 2017

Беларусі трэба на ўвесь голас заяўляць пра сябе на сусветнай арэне. Гэта сёння падкрэсліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб прыярытэтах знешняй палітыкі нашай краіны.

Удзельнікамі маштабнай гутаркі сталі каля двух з паловай сотняў чалавек. Сярод іх - амаль усе беларускія паслы, якія прадстаўляюць інтарэсы краіны за мяжой. Беларускія дыпмісіі сёння працуюць у 59 краінах. Асноўным крытэрыем паспяховасці знешняй палітыкі ў цэлым і МЗС у прыватнасці Прэзідэнт назваў нарошчванне і дыверсіфікацыю экспарту. Сёлета продажы айчынных тавараў за мяжу выраслі на 20%, або прыкладна на два мільярды долараў. Важна распрацаваць новую стратэгію экспарту, заснаваную на паляпшэнні яго якаснай структуры. Акрамя таго, сур'ёзныя эканамічныя дывідэнды можа прынесці высокі ўзровень дыялогу са шматлікімі найбуйнейшымі краінамі свету. Пры гэтым Расія застаецца нашым асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам.

Прэзідэнт сёння падкрэсліў важнасць прасоўвання беларускай ідэі супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі з улікам і кітайскага складальніка. Гэтая ініцыятыва карысная як для Беларусі, так і для Расіі, краін Захаду і Усходу. У выніку шматвектарнай палітыкі мы здолелі дамагчыся новага ўспрымання нашай краіны ў свеце як незалежнай, міралюбнай дзяржавы, свайго роду донара бяспекі ў рэгіёне.

Сёння Прэзідэнт таксама прапанаваў больш актыўна прыцягваць дыпламатаў і да нарошчвання экспарту паслуг. Паспяхова прасоўваць за мяжой можна не толькі нашу прадукцыю, але і магчымасці ў сферы адукацыі, турызму, медыцыны і спорту. Гэтыя кірункі могуць дадатна ўплываць і на эканоміку, і на фарміраванне іміджу дзяржавы.