Абмежаванні продажу алкаголю ў гандлёвай сетцы ў начны час на працягу сутак адменяць

2 октября 2018

Мода на здаровы лад жыцця прадугледжвае прыняцце комплексных мер, але яны павінны быць узважанымі і прадуманымі. Напрыклад, з 1 кастрычніка ў Мінску, Быхаўскім і Жлобінскім раёнах забаранілі продаж спіртнога ў начны час. Гэтае рашэнне выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Прэзідэнт Беларусі, азнаёміўшыся з усёй інфармацыяй па гэтым пытанні, распарадзіўся на працягу сутак адмяніць абмежаванні продажу алкаголю ў гандлёвай сетцы ў начны час. Такое рашэнне прадыктавана тым, што змагацца з п'янствам і алкагалізмам неабходна не аднабокімі забаронамі. На практыцы яны замест чаканага станоўчага выніку выклікаюць рост крыміналу. Жыццё ўжо не раз даказвала, што забароны ні да чаго добрага не прыводзяць. А вось рост шэрага рынку спіртнога, нелегальнага гандлю, атручэнняў кантрафактам чаканыя. Меркаванні па тэме сабралі нашы калегі.

Кастрычнік у Мінску пачаўся з "цвярозай ночы". Менавіта з першага чысла пачала дзейнічаць забарона на продаж спіртных напояў. З 11 вечара да 7 раніцы ў сталіцы аб'яўлены сухі закон. У начны час прадаваць спіртное могуць толькі ў кафэ і барах.

З ініцыятывай забараніць начныя продажы спіртнога выступіла МУС. З аднаго боку, ініцыятыва прадыктаваная высакароднай мэтай - папулярызацыя здаровага ладу жыцця, прафілактыка п'янства і злачынстваў на глебе алкаголю. З другога боку, наш уласны вопыт паказвае, што добрыя намеры не дасягаюць мэты, калі секчы з пляча. Успомніць хаця б гарбачоўскую барацьбу за цвярозасць. Поўная забарона за продаж алкаголю павярнулася імклівым ростам самагонаварэння, стратамі бюджэту і разгулам алкамафіі, якая пры адсутнасці легальнага спіртнога ў продажы атручвала насельніцтва сурагатамі. Таму такія меры сустракаюць неразуменне ў грамадстве.

Абмежаванні на гандаль алкаголем уводзілі і ў суверэннай Беларусі. У выніку вытворцы неслі страты, бюджэт недаатрымліваў падатковыя паступленні, людзі атручваліся кантрафактам. Гэтае рашэнне адмянілі. І вось зноў на тыя ж граблі! Замест таго каб прымаць комплексныя рашэнні па барацьбе з п'янствам і па прапагандзе здаровага ладу жыцця, пайшлі самым простым, але самым тупіковым шляхам забарон.

Практычна ніводная краіна ў свеце не пазбегла барацьбы з алкаголем, але зараз пажынае плён. У Расіі, дзе ўвялі абмежаванні на продаж алкаголю, зараз не ведаюць, што з гэтым парабіць. Шукаюць прычыны, каб "адкруціць" назад: напрыклад, дазволіць продаж алкаголю ў бляшанках - нібы, алюмініевая галіна нясе страты ад санкцый. У суседняй Літве ідзе наступ на алкаголь па ўсіх франтах. Забарона на продаж з 8 вечара да 10 раніцы. І вось вынік: выяўленне падпольных спіртзаводаў - звычайная справа. Гэта значыць той, хто захоча выпіць, усё роўна гэта зробіць. Тым часам забаронная мера б'е па бізнесе. У такіх умовах многія кругласутачныя магазіны, куды ходзяць не толькі па спіртное, спыняць сваю працу. У Мінску такіх пунктаў пад 9 дзясяткаў. А гэта таксама рабочыя месцы. Акрамя таго, забаронамі на продаж людзей выштурхваюць з гандлёвых пунктаў у корчмы.

Эксперты асцерагаюцца, што забаронамі мы паўтараем памылкі позняга Савецкага Саюза, дзе часам непрадуманыя рашэнні ў дадзеным ключы набывалі самыя гіпертрафаваныя формы - аж да высечкі вінаграднікаў, што на доўгія гады практычна знішчыла цэлыя галіны сельскай гаспадаркі. Падобныя эксперыменты ні да чаго добрага не прывядуць - пішуць каментатары ў сацсетках.

Сувязь паміж продажам алкаголю ў магазінах і ўзроўнем злачыннасці не такая адназначная, як здаецца на першы погляд. Аб гэтым гаворыць афіцыйная статыстыка на сайце МУС. Напярэдадні ўвядзення абмежаванняў учынена 18 тысяч злачынстваў у стане алкагольнага ап'янення. У 2015-м, калі начны мараторый увялі, лік злачынстваў знізіўся амаль на тысячу. Здавалася б, вось ён - доказ дзейснасці гэтай меры! Аднак пасля вяртання спіртнога ў продаж у тым жа годзе на працягу наступных двух гадоў лік злачынстваў у стане ап'янення працягваў зніжацца. Таму відавочна, што гэта, хутчэй, вынік не безпадстаўных забарон, а планамернай, удумлівай працы па прафілактыцы правапарушэнняў і забеспячэнні грамадскага парадку.

П'янства - зло, гэта бясспрэчна. Але любыя непрадуманыя меры і хаатычныя дзеянні ў гэтай сферы эфектыўна змагацца з зялёным зміем ужо сапраўды не дапамагаюць. Рашэнне аб забароне было непрадуманым, таму Прэзідэнт прыняў рашэнне яго адмяніць. Вырашаць праблему трэба комплексна, робячы ўпор больш на прафілактыку, выхаванне і прапаганду здаровага ладу жыцця.