Прэзідэнт правёў інспекцыю Іўеўскага раёна Гродзеншчыны

21 августа 2019

Ад пытанняў уборачнай кампаніі і палявых работ, вытворчасці сельгастэхнікі  да комплекснага развіцця рэгіёна і вобласці. Прэзідэнт правёў інспекцыю Іўеўскага раёна Гродзеншчыны.

І першы пункт "Лідатэхмаш", дзе збіраюць сельгастэхніку. Там Аляксандру Лукашэнку далажылі пра ход жніва, дзе ўжо па традыцыі Гродзенская вобласць  лідар. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз адзначыў, што неабходна дзейнічаць разумна - мінімізаваць страты пры ўборцы ўраджаю, асабліва з улікам кукурузы. Увогуле  мэта - сабраць не менш за 9 мільёнаў тон. Таксама Аляксандр Лукашэнка заклікаў рэгіёны падыходзіць самастойна да нарыхтоўкі кармоў. Вывучыць беларускі лідар у найбліжэйшы час і сітуацыю з перапрацоўкай лёну. У цэлым Прэзідэнт мае намер надаць асаблівую ўвагу раёнам, аддаленым ад абласных цэнтраў. 

Дэталёва Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з працай прадпрыемства "Лідатэхмаш". Яно, дарэчы, прыватнае і за першае паўгоддзе экспартавала тэхнікі  на 3 мільёны долараў. Новы рынак - Узбекістан, куды накіруюць беларускія агрэгаты ўжо ў хуткім часе. Таксама кіраўніцтва кампаніі папрасіла падтрымкі ў дзяржавы ў вырашэнні некаторых пытанняў: правядзенне выпрабаванняў тэхнікі,  падтрымка за мяжой на буйных выставах і вылучэнне месцаў для прыватнікаў  у гандлёвых дамах дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і  на працу бізнесу ў дрэваапрацоўцы. Дзяржава гатова аказаць садзейнічанне прадпрымальнікам і нават выдзеліць плошчы  пад пашырэнне вытворчасці.

Наступны прыпынак Прэзідэнта - Іўеўскі цэнтр культуры, дзе мясцовы ансамбль паказаў невялікі фрагмент спектакля. Маладым тэатралам  Аляксандр Лукашэнка параіў паступаць у Акадэмію мастацтваў. Усім артыстам ад імя Кіраўніка дзяржавы ўручылі шакалад "Прэзідэнт". Пасля Аляксандр Лукашэнка наведаў  выставу майстроў народнай творчасці і пагаварыў з жыхарамі горада.

Прэзідэнт адзначыў, што падчас паездкі ў Гродзенскую вобласць хацеў наведаць менавіта Іўе. Быў прыемна здзіўлены таму, як развіваецца населены пункт. Спраўдзілася мара і дзвюх сясцёр з біблейскімі імёнамі Ясфір і Авігея. З чацвёртага класа яны марылі пазнаёміцца і зрабіць фатаграфію з Прэзідэнтам.