Беларуская зборная па хакеі атрымлівае другую перамогу запар на чэмпіянаце свету ў Казахстане

30 апреля 2019

Добры старт і добры падарунак для ўсіх беларусаў напярэдані свята. Наша зборная па хакеі атрымлівае другую перамогу запар на чэмпіянаце свету ў Казахстане. Матч супраць каманды Венгрыі завяршыўся некалькі гадзін назад. Прамую трансляцыю паядынку вёў тэлеканал "Беларусь 5". У кожным перыядзе хакеісты закінулі па адной шайбе. Вынік - 3:1. Вызначыліся  Мікіта Феакцістаў, Яўген Лісавец і Джэф Плат. Сапернік адказаў толькі адным дзейсным кідком бліжэй да канца сустрэчы. 

У выніку  з шасцю баламі беларусы займаюць другі радок у групе "Эй". Столькі ж ачкоў у каманды Паўднёвай Карэі, якая сёння з лікам 5:3 абгуляла славенцаў.

Заўтра ў нашай групе пройдзе толькі адзін паядынак. Згуляюць зборныя Казахстана і Літвы. А вось у беларусаў 1 мая дзень адпачынку. Затое ў чацвер камандзе Андрэя Сідарэнкі трэба будзе  сустрэцца з вельмі матываванымі славенцамі, на рахунку якіх пакуль "нуль" у графе набраных ачкоў. Паядынак Беларусь - Славенія пачнецца ў 13:00. Прамую трансляцыю пакажа "Беларусь 5".

І ўжо сёння ў Нур-Султан адправілася і здымачная група Агенцтва тэленавін. Эксклюзіўныя інтэрв'ю і самыя гарачыя навіны з чэмпіянату свету глядзіце ў выпусках навін і "Панараме".