Прэзідэнт прадоўжыў практыку незапланаваных візітаў на прадпрыемствы рэгіёнаў

13 августа 2016

Дзе менавіта пабывае Кіраўнік дзяржавы, было невядома да завяршэння нарады ў райвыканкаме Ваўкавыска. Аляксандр Лукашэнка выбраў для наведвання не агульнапрызнаных лідараў і перадавікоў, а тыя фермы і завод, праца якіх можа істотна палепшыцца пасля ўмяшання на вышэйшым узроўні.

Завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын працуе ў Ваўкавыску з 1979 года. На прадпрыемстве вырабляюць фарбараспыляльнікі, тынкавыя і малярныя ўстаноўкі, кампрэсары і іншае абсталяванне. У штаце прыкладна 90 чалавек. А раней гэта было прадпрыемства ўсесаюзнага маштабу, дзе працавала ў 20 разоў больш рабочых. Пасля развалу СССР завод так і не змог утрымаць ранейшыя пазіцыі.

Бядотнае становішча ДБАМа ў лічбах. Вал за першае паўгоддзе павялічыўся напалову. Экспарт прырос, але больш сціпла - усяго на 8%. Пры гэтым практычна поўнасцю спынена вытворчасць бакаў, цыстэрнаў і бетаназмешвальнікаў. Няма попыту. Выратавалі сітуацыю выключна фарбапультамі, але гэта толькі, каб заняць рукі. Яны не канкурэнтныя на рынку. Чыстая страта нават большая, чым аб'ём вытворчасці. Адсюль нерэнтабельнасць, даўгі, якія ў 4 разы перакрываюць гадавы аб'ём вытворчасці, нулявыя інвестыцыі.

Няма нават бізнес-плана, і 9 з 10 супрацоўнікаў завода працуюць няпоўную змену за 400 рублёў "гразнымі" за месяц. Прадпрыемства чатыры гады таму ўвайшло ў склад холдынга "Лідсельмаш". Менавіта праз Ліду ў Ваўкавыск трапіла турэцкая кампанія, якая арандавала на ДБАМе памяшканні і пачала выпускаць камплектуючыя для радыятараў. Замежная фірма ўжо ўклала ў развіццё беларускага філіяла больш чым 2 мільёны долараў і хоча істотна нарасціць аб'ёмы і маштабы вытворчасці.

Пра складанае фінансава-эканамічнае становішча на гэтым заводзе ў Мінску вядома добра. Яшчэ ў маі ДБАМ наведаў кіраўнік Камітэта дзяржкантролю, каб абмеркаваць варыянты выйсця з цяжкага становішча. І вось сёння на прадпрыемства прыехаў Прэзідэнт, хаця праграмай рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць гэты візіт не быў прадугледжаны. Адна з праблем завода - вельмі вялікая тэрыторыя, якая не выкарыстоўваецца па прызначэнні, але ў прамым сэнсе слова спальвае і так небагатыя рэсурсы на сваё ўтрыманне. А знайсці арандатараў у Ваўкавыску - гэта яшчэ пастарацца трэба.

Турэцкі інвестар, які пачаў тут з арэнды памяшканняў, гатовы купіць прадпрыемства цалкам. У планах - вырабляць тут ужо не толькі камплектуючыя для радыятараў, але і само ацяпляльнае абсталяванне. Пры гэтым 80% усёй прадукцыі пойдзе на экспарт.

Каб купіць стратны завод з даўгамі, інвестар просіць аб растэрміноўцы на пяць гадоў. Прэзідэнт адобрыў ідэю продажу гэтага прадпрыемства. Але толькі з выкананнем шэрагу важных умоў.

Дапамагаць інвестару і суправаджаць ператварэнне старога завода ў новае прадпрыемства будзе кіраўніцтва раёна і вобласці. Курыраваць здзелку будзе Камітэт дзяржкантролю. Дамоўленасці змацавалі пакуль што поціскам рукі. На паперы дэталі беларуска-турэцкага праекта будуць прапісаныя ў найбліжэйшы час.

Наступны пункт паездкі Прэзідэнта - за горадам Ваўкавыскам і таксама за рамкамі загадзя падрыхтаванай праграмы. ААТ "Хацькоўцы" - сельскагаспадарчае прадпрыемства з цэнтрам у аграгарадку Рупейкі. Аб'ядноўвае 15 населеных пунктаў. Спецыялізуецца на вытворчасці збожжа, насення рапсу, кукурузы і бульбы. Мае ў сваім складзе і некалькі фермаў. Прэзідэнт наведаў малочна-таварны комплекс "Янава", пабудаваны тры гады таму.

У дойным статку больш за тысячу галоў. Валавую вытворчасць малака летась удалося павялічыць амаль на 20%. Палепшылася і эфектыўнасць. Ад кожнай каровы атрымана на 183 кілаграмы малака больш, чым годам раней.

Прэзідэнт уважліва агледзеў дзве фермы. Зазірнуў нават туды, куды высокіх гасцей без папярэдняй падрыхтоўкі памяшканняў імкнуцца не вадзіць. І пагаварыў з тымі супрацоўнікамі, хто быў у суботу на рабочым месцы.

Другая малочна-таварная ферма 1976 года пабудовы. Патрабуе абнаўлення. Летась тут ужо часткова замянілі абсталяванне на сучаснае. Гэта дазволіла выпускаць малако гатунку  экстра, што звычайна цяжка рабіць на такіх старых комплексах.

Галоўнае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі - гэта падтрыманне парадку ва ўсіх сферах. Толькі такім чынам можна працаваць эфектыўна і ў любы момант не баяцца ўдарыць тварам у гразь ні перад Прэзідэнтам, ні перад інвестарам, ні перад самімі сабой.