Прэзідэнт наведаў РУП Шыпяны-АСК у Смалявіцкім раёне

27 мая 2014

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка патрабуе захавання жалезнай дысцыпліны пры нарыхтоўцы кармоў. Такую задачу ён паставіў сёння, наведваючы РУП Шыпяны-АСК у Смалявіцкім раёне. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, пры правядзенні корманарыхтоўкі павінны быць мабілізаваны ўсе сілы. Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў ад урада вырашэння праблемы са свінінай.


Расказвае Ілона Красуцкая: Шыпяны-АСК. Прадпрыемству ўсяго 7 гадоў, але да асноўных профіляў - вытворчасці збожжавых, малака і мяса - не прычапіцца. Прадпрыемства ў пастаянным плюсе. Рабочую паездку сюды Аляксандра Лукашэнкі сёння анансавалі ўсе інфармагенцтвы краіны. Вышэйшыя службовыя асобы хваляваліся - рыхтавалі даклады ля стэндаў. Аднак Кіраўнік дзяржавы не стаў чакаць справаздач. З парога паставіў ультыматум. На нарыхтоўку кармоў у краіне павінны быць мабілізаваны ўсе сілы. Прычым, пры жалезнай дысцыпліне.


Пытанне нумар адзін - даступнасць асартыменту і цэн на свініну. Аляксандр Лукашэнка застаўся вельмі незадаволены, якімі тэмпамі запаўняюцца свінакомплексы. Даручэнне ўраду: да зімы гэта праблема павінна быць ліквідавана, інакш не пазбегнуць адказнасці.


Патрабаванні да вышэйшых службовых асоб сёння былі жорсткімі. Аляксандра Лукашэнку дэталёва цікавілі прычыны правалу ў мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Кіраўнік Мінсельгасхарча прызнае: якасць нарыхтоўкі кармоў сёння далёкая ад дасканаласці. Адгэтуль страты ў аб'ёмах па мясе і малаку.


Прэзідэнт азнаёміўся і з тэхналагічнымі працэсамі нарыхтоўкі травяных кармоў. Пакаванне ў палімерныя матэрыялы - сёння адна з самых выніковых. Аляксандра Лукашэнку запэўнілі: такая форма спрыяе максімальнай захаванасці кармоў. А гэта, безумоўна, уплывае на прадукцыйнасць у жывёлагадоўлі.


Аляксандр Лукашэнка сёння таксама азнаёміўся з узорамі тэхнікі айчыннай вытворчасці, якая занятая на ўборцы кармоў. Прэзідэнт не раз гаварыў, што сельскай гаспадарцы час паказваць выніковасць. У развіццё ключавой галіны дзяржава штогод укладвае немалыя грошы. Чаканне максімальнай аддачы - заканамерна. Задача АПК - арыенцір на эфектыўную і арганізаваную працу. Толькі поўная мабілізацыя ўсіх сіл дазволіць ліквідаваць брэш у галіне.