Прэзідэнт наведаў Керамін і паабяцаў пабываць на ўсіх знакавых прадпрыемствах краіны

12 ноября 2013

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паедзе па прадпрыемствах, дзе ўрад не спраўляецца з мадэрнізацыяй. Пра гэта сёння заявіў Кіраўнік дзяржавы, калі наведваў адкрытае акцыянернае таварыства Керамін. Гэтае прадпрыемства, дарэчы, у тэхналагічных аўтсайдарах не лічыцца. За 6 месяцаў гэтага года на мадэрнізацыю Кераміна выдаткавалі 16,5 мільёна долараў. Прычым прадпрыемства не выкарыстоўвае пазыковыя сродкі - толькі ўласныя рэсурсы. Прэзідэнту паказалі новую лінію па выпуску керамічнага граніту, якая працуе ў рэжыме робататэхнікі. Керамін стаў першаадкрывальнікам у вытворчасці гэтага прадукту на прасторах СНД. Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка настойвае на паскарэнні мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў, асабліва тых, якія завязаныя на мясцовыя сыравінныя рэсурсы.


Азнаёміўся Кіраўнік дзяржавы і з фірмовым гандлем прадпрыемства. Прэзідэнт наведаў Цэнтр керамічнай пліткі і санітарнай керамікі. На тэрыторыі тысячы трохсот квадратных метраў прапануецца поўная экспазіцыя новых калекцый. Зрэшты, цэнтр здзіўляе не толькі асартыментам, але і арыгінальным дызайнам: гандлёвы аб'ект выкананы ў старажытнагрэчаскім стылі. Аляксандр Лукашэнка агледзеў гандлёвыя залы, пагутарыў з персаналам і наведвальнікамі. У салоне пакупнікам прапануюцца гатовыя ідэі для афармлення інтэр'ера, а таксама поўны спектр фірмовых паслуг, уключаючы сістэму электроннай чаргі і распрацоўку бясплатнага дызайн-праекта.


Прэзідэнт убачаным застаўся задаволены. На думку Кіраўніка дзяржавы, такія аб'екты для прадпрыемства - лепшая рэклама. Зараз праз уласную тавараправодную сетку Керамін рэалізуе больш за 75% прадукцыі. Толькі ў Мінску ў прадпрыемства 10 фірмовых магазінаў, усяго ж па краіне - больш за 20.