Прэзідэнт наведаў інавацыйнае прадпрыемства "Адані", якое выпускае медтэхніку і сістэмы бяспекі

20 марта 2020
Сумленная канкурэнцыя і выкарыстанне ў вытворчасці айчыннай прадукцыі. Аб асноўных прынцыпах працы нашых прадпрыемстваў гаварылі сёння на вышэйшым узроўні. Прэзідэнт наведаў беларускую прыватную кампанію "Адані", вядомую ва ўсім свеце сваім медыцынскім рэнтгенаўскім абсталяваннем і апаратурай для надгляду. Прадпрыемства высокатэхналагічнае, інавацыйнае, поўнага цыклу: ад распрацоўкі з нуля да вытворчасці ўжо гатовага прадукту і яго абслугоўвання. 

Большая частка ідзе на экспарт: рынак продажаў - 85 дзяржаў. Прыкладна напалову абсталяваныя тэхнікай "Адані" і нашы рэспубліканскія клінікі. Чатыры з паловай мільёны чалавек штогод абследуюцца на беларускім абсталяванні. 


Прэзідэнт: Неабходна працягнуць абсталяванне медустаноў


Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў камп'ютарныя тамографы і даручыў працягнуць абсталяванне медустаноў краіны. Летась кампанія паставіла па заказе Міністэрства аховы здароўя сем апаратаў КТ у розныя рэгіёны. Выйграўшы тэндар, яна прапанавала цану  ўдвая меншую, чым у замежных вытворцаў.

Падатковы кодэкс Беларусі будзе прааналізаваны

"Адані" - рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны "Мінск". Усяго на тэрыторыі СЭЗ 113 кампаній. Яе рэзідэнты маюць шэраг прэферэнцый, адна з якіх - вызваленне ад выплаты падатку на прыбытак (напрыклад, калі працуюць на экспарт). Разам з тым прадпрыемствы, якія не ўваходзяць у свабодныя эканамічныя зоны, часта скардзяцца на няроўныя ўмовы канкурэнцыі. Кіраўнік дзяржавы перакананы: уклад СЭЗ у дабрабыт краіны можа быць большым. Таму плануецца ўважліва прааналізаваць Падатковы кодэкс з гэтага пункта погляду. Аляксандр Лукашэнка настойвае на атрыманні максімальнай карысці для дзяржавы.


"Адані" плануе пашырыць інавацыйную вытворчасць


У цэлым, падагульніў Прэзідэнт ужо ў размове з журналістамі, працай прадпрыемства ён застаўся задаволены. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву пашырыць інавацыйную вытворчасць і вылучыць пад гэтыя патрэбы зямельны ўчастак.

Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў

Адказваючы на пытанне журналістаў, Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заклікаў грамадзян не панікаваць. З харчаваннем праблем не будзе. А вось у першую чаргу трэба звярнуць увагу на самадысцыпліну.

У тым ліку і каранавірус стаў прычынай пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў свеце. Прэзідэнт падзяліўся сваім меркаваннем аб уплыве фінансавага крызісу на Беларусь, а таксама выказаўся на тэму аграрнага сезона, на які паўплывалі ўмовы надвор’я.