Прэзідэнт Беларусі ў працяг Вялікай размовы прыняў галоўнага рэдактара "Народнай волі"

13 февраля 2017

Сёння Прэзідэнт Беларусі ў працяг нядаўняй Вялікай размовы сустрэўся з галоўным рэдактарам газеты "Народная воля".

Нагадаем, у пачатку лютага падчас маштабнай дыскусіі Кіраўніка дзяржавы з журналістамі, прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасцю актыўным удзельнікам размовы стаў і Іосіф Сярэдзіч. Тады ж галоўны рэдактар "Народнай волі" папрасіў Аляксандра Лукашэнку аб асабістай сустрэчы.

Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газеты "Народная воля":

"У мяне пералік пытанняў дзяржаўнага маштабу, але і лёс "Народнай волі" мяне хвалюе. Я думаю, я не апошні чалавек у нашай краіне і маю права звярнуцца да Аляксандра Рыгоравіча з тым, каб пагаварыць сам-насам".

У шчыльным графіку Прэзідэнта знайшоўся час: праз паўтара тыдня Палац Незалежнасці прыняў госця. Размова доўжылася амаль дзве гадзіны. Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць абмеркаваць усе актуальныя пытанні, у тым ліку праблемнага характару. Кіраўнік дзяржавы разлічвае на наступнае аб'ектыўнае асвятленне вынікаў гутаркі.

Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газеты "Народная воля": "Дзякую за магчымасць сустрэцца, я ведаю Ваш шчыльны графік. Той блок пытанняў, які я папрашу абмеркаваць, будзе актуальным не столькі для мяне, колькі для беларусаў у цэлым. Менавіта перажыванне за тое, што мы на сённяшні дзень маем, што мы можам мець заўтра і пазаўтра, прывяло да Вас".

Іосіф Сярэдзіч ужо больш чым 20 гадоў з'яўляецца галоўным рэдактарам "Народнай волі". Грамадска-палітычная газета выходзіць два разы на тыдзень. Падрабязнасці гутаркі з Кіраўніком дзяржавы выданне апублікуе заўтра ў фармаце аўтарскай калонкі рэдактара.

Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газеты "Народная воля":

"Я застаўся задаволены сустрэчай з Прэзідэнтам. Узнімаліся пытанні не асабістага значэння, а агульнадзяржаўныя, нацыянальныя пытанні. Размова была вельмі адкрытай, шчырай. І Аляксандр Рыгоравіч гаварыў усё, што думаў, і я нічога не ўтойваў. Мне здаецца, што сёння Аляксандр Рыгоравіч - Прэзідэнт з такім вялікім багажом і ён перажывае за тое, што адбываецца ў нашай Беларусі".

І сёння галоўны медыяхолдынг краіны - Белтэлерадыёкампанія – назваў тэлевізійныя рэйтынгі прамой трансляцыі Вялікай размовы з Прэзідэнтам. У эфіры "Беларусь 1" за адкрытай дыскусіяй, якая доўжылася рэкордныя 7 гадзін 20 хвілін, сачыў кожны пяты беларус. Пры гэтым доля тэлепрагляду канала склала 20,6%. Вялікую цікавасць сустрэча з Прэзідэнтам выклікала не толькі ў тэлегледачоў, але і інтэрнэт-карыстальнікаў. Трансляцыю дыскусіі на сайце Белтэлерадыёкампаніі глядзелі больш чым 170 тысяч чалавек. Вялікую размову з Прэзідэнтам анлайн таксама ўбачылі ў Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Германіі, ЗША і іншых краінах.