Прэзідэнт Беларусі сёння адправіцца ў Туркменістан

29 марта 2017

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння адправіцца ў Туркменістан з трохдзённым афіцыйным візітам. Гэтая дзяржава - адзін са стратэгічных партнёраў нашай краіны ў Цэнтральнай Азіі. Праграма візіту насычаная сустрэчамі і мерапрыемствамі. У Палацы імя Агусхана беларускі лідар правядзе перамовы з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым. Па выніках будуць падпісаныя двухбаковыя дакументы. Плануецца, што кіраўнікі дзяржаў прымуць удзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане. Паміж Мінскам і Ашхабадам партнёрства стратэгічнае, а вось адносіны - сяброўскія. І развіваюцца яны на трывалым эканамічным падмурку. У прыватнасці, у туркменскіх Каракумах Беларусь пад ключ пабудавала Гарлыкскі горна-ўзбагачальны калійны камбінат. Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў урачыста дадуць старт працы гэтага комплексу.

Адкрыццё маштабнай вытворчасці Прэзідэнт Беларусі напярэдадні абмеркаваў са старшынёй Савета Рэспублікі. Міхаіл Мясніковіч у сярэдзіне сакавіка пабываў на гэтым аб'екце ў Туркменістане.

Гарлыкскі камбінат - самы маштабны двухбаковы праект коштам адзін мільярд долараў. Асноўныя работы на аб'екце ў пустыні каля афганскай мяжы пачаліся ў 2012 годзе. Магутнасць вытворчасці складзе амаль паўтара мільёна тон хларыду калію за год. Агульныя запасы калійных руд радовішчаў на паўднёвым усходзе Туркменістана ацэньваюцца амаль на 3 мільярды тон. Да 2020 года беларускія спецыялісты будуць суправаджаць дзейнасць гэтага камбіната.

Менавіта рэгулярныя візіты на вышэйшым узроўні надаюць беларуска-туркменскім адносінам дадатную дынаміку. Летась наш экспарт у Туркменістан перавысіў 112 мільёнаў долараў. Мы пастаўляем грузавыя аўтамабілі, трактары, дарожна-будаўнічую тэхніку, вытворчае абсталяванне, лекі, тавары дрэваапрацоўкі і сельскагаспадарчую прадукцыю.

Падзенне цэн на вуглевадароды пагоршыла фінансавыя магчымасці гэтай краіны. У Ашхабадзе сёння развіваюць іншыя сферы эканомікі, якія не звязаныя з продажам прыродных рэсурсаў. Для пераходу народнай гаспадаркі на інавацыйныя рэйкі неабходныя кадры, тэхналогіі і машыны са станкамі. Усё гэта можа прапанаваць Беларусь. Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан стане шостым. Усе падрабязнасці перамоў і сустрэч у гэтай цэнтральна-азіяцкай краіне мы раскажам у наступных выпусках.