Прэзідэнт Беларусі правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кубы

19 октября 2017

Беларусь зацікаўленая пры садзейнічанні Кубы развіваць адносіны з краінамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом гэтай дзяржавы з нагоды завяршэння яго дыпмісіі. Амаль чатыры гады працы Херарда Суарэса Альварэса ў нашай рэспубліцы адзначаныя сур'ёзным ростам узаемнага гандлю. Кубінскі пасол актыўна садзейнічаў прасоўванню дыялогу краін. Пры яго ўдзеле працягнулася фарміраванне дагаворна-прававой базы. Складзена каля 30 дакументаў у галіне эканомікі, адукацыі, аховы здароўя, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Краіны паспяхова рэалізуюць пагадненні, напрыклад, аб узаемных пастаўках. Па гэтай дамове Куба экспартуе ў Беларусь лекі, а Беларусь у Кубу - сельгастэхніку. За два з паловай гады аб'ём узаемных паставак дасягнуў шасці мільёнаў долараў. Плануюць актывізаваць навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне і рэалізаваць некалькі сумесных праектаў у сферы біятэхналогій і медыцыны. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Херарда Суарэсу Альварэсу за ўклад у развіццё двухбаковых адносін і анансаваў свой магчымы візіт на Кубу.

Сёлета Беларусь і Куба адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпадносін. Паміж краінамі заўсёды былі і застаюцца добрыя сяброўскія адносіны. Адсутнасць праблем у палітычных адносінах Мінска і Гаваны - яшчэ адзін важны стымул для супрацоўніцтва. Рэспублікі падтрымліваюць адна адну ў ААН, Руху недалучэння і іншых міжнародных арганізацыях.