Прэзідэнт Беларусі прыняў з дакладамі генпракурора Беларусі і кіраўніка Следчага камітэта

21 февраля 2019

У Палацы Незалежнасці сёння гаварылі пра бяспеку ў краіне, узровень злачыннасці і працэнт раскрывальнасці крымінальных спраў. Ён, дарэчы, па краіне высокі. Кіраўнік дзяржавы прыняў сёння з дакладамі генпракурора Беларусі і кіраўніка Следчага камітэта.

Пры раскрыцці злачынстваў недапушчальна, каб пакутавалі невінаватыя людзі. На гэтым Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт, звяртаючыся да Івана Наскевіча. Прэзідэнт уважліва сочыць за працай самага маладога ведамства краіны. Яно было створана ў выніку сур'ёзнай рэформы праваахоўных структур. Летась колькасць заяў, якія паступілі ў следчыя органы, узрасла больш як на 10 %. Пры гэтым колькасць узбуджаных крымінальных спраў скарацілася. Гэта вынік працы па недапушчэнні фактаў неабгрунтаванага крымінальнага праследавання. Галоўны прынцып працы Следчага камітэта - аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне злачынстваў - павінен захавацца.

Сярод галоўных тэм, якія назваў у дакладзе старшыня Следчага камітэта, расследаванне крымінальных спраў, што знаходзяцца на асабістым кантролі Аляксандра Лукашэнкі. Ёсць зрухі ў расследаванні забойства бізнесмена пад Беразіно, якое адбылося ў верасні 2016. Кіраўніка дзяржавы пастаянна трымаюць у курсе і таго, як прасоўваецца расследаванне падвойнага забойства ў школе ў Стоўбцах.

У цэлым у 2018 узровень злачыннасці скараціўся на 3 %. Менш стала разбояў, забойстваў, рабаванняў, а на дарогах п'яных вадзіцеляў. Вынікі года Прэзідэнту далажыў генеральны пракурор Беларусі. Нягледзячы на станоўчую дынаміку, ёсць яшчэ шэраг пытанняў, якія патрабуюць увагі Кіраўніка дзяржавы. А таму Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць неўзабаве нараду з усім сілавым блокам краіны, пачынаючы ад арміі і заканчваючы Следчым камітэтам. Паводле слоў Прэзідэнта, да вырашэння наяўных сёння праблем неабходна падыходзіць калегіяльна.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу і на тыя асноўныя даручэнні, якія ён даваў Генеральнай пракуратуры - кантраляваць знешнюю дэбіторскую запазычанасць суб'ектаў гаспадарання і не зніжаць тэмпаў барацьбы з карупцыяй. Так, на думку Аляксандра Канюка, неабходна перафарматаваць працу антыкарупцыйных камісій. Зараз рыхтуецца шэраг змяненняў, у тым ліку і па іх працы. Паводле інфармацыі Генпракуратуры, у Беларусі за мінулы год практычна на траціну вырасла колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў. Факты карупцыі часцей за ўсё фіксавалі ў сферах транспарту, будаўніцтва і дзяржкіравання.

Аляксандр Канюк, Генеральны пракурор Беларусі: "Ёсць неабходнасць перафарматаваць працу гэтых камісій, надаўшы большую значнасць і статус, а гэта азначае больш улады надаць, каб яны прымалі рашэнне на ляту, не зацягвалі. Я бачу гэта так: трэба каб гэтыя камісіі ўзначальвалі кіраўнікі прадпрыемстваў, выканкамаў, раённых, гарадскіх, абласных і г.д. Мы зараз рыхтуем змяненні ў Закон аб барацьбе з карупцыяй. Усе змяненні ў закон падрыхтаваныя з улікам напрацаванай практыкі".

Скарачаецца знешняя дэбіторская запазычанасць. Самае галоўнае, паводле слоў генпракурора, што ўдалося прыпыніць працэс стварэння крымінальных схем у гэтай сферы. Улічваючы, што Аляксандр Канюк таксама ўзначальвае наглядальны савет Беларускай федэрацыі лыжных гонак, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся сітуацыяй і ў гэтай сферы.