Прэзідэнт Беларусі ўзняў тэму адукацыі перад пачаткам навучальнага года

15 августа 2017

Вынікі ўступнай кампаніі і гатоўнасць да новага навучальнага года. Гэтыя тэмы ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта.

З дакладам Кіраўнік дзяржавы прыняў віцэ-прэм'ера Васіля Жарко і Міністра адукацыі Ігара Карпенку. Рэгулярна Аляксандр Лукашэнка робіць акцэнт на тым, што сістэму навучання на ўсіх узроўнях трэба не ламаць, а ўдасканальваць. Уступная завяршаецца на гэтым тыдні. Агульная карціна ўжо ясная.

Усе прапановы яшчэ на стадыі абмеркавання. Напрыклад, ёсць намер ісці па шляху паэтапнага павышэння парогавага значэння бала ЦТ. Вызначаецца тактыка і ў дачыненні да набору - ВНУ будуць яго скарачаць, а ліцэі і каледжы наадварот павялічваць. Разглядаецца, наколькі справядлівая цяперашняя сістэма адзнакі навучэнцаў, ці патрэбен зварот да пяцібальнай. Будзе прадоўжана праца па пераглядзе тэстаў, каб яны максімальна адпавядалі навучальнай праграме. Вынікі цяперашняй уступнай кампаніі паказалі, якія карэкціроўкі правіл прыёму і адукацыйнага працэсу сапраўды патрэбныя.

Усе гэтыя пытанні будуць шырока абмяркоўвацца бацькамі і педагогамі, у тым ліку і на вялікім рэспубліканскім педсавеце. Ён пройдзе ў Мінску на наступным тыдні. Удзел у ім прымуць каля тысячы настаўнікаў з усёй краіны. Гэты будзе адкрытае абмеркаванне вострых тэм у сферы адукацыі. Асобнае даручэнне Прэзідэнта напярэдадні 1 верасня - надаць увагу падрыхтоўцы да школы дзяцей-сірот і дзяцей з неўладкаваных сем'яў. Яны не павінны быць абдзеленыя. Не здымаюць з парадку дня і пытанне абнаўлення праграм і падручнікаў.

З 1 верасня па ўсіх навучальных прадметах ва ўсіх класах будуць дзейнічаць абноўленыя навучальныя праграмы. Яны размешчаны ў адкрытым доступе на Нацыянальным адукацыйным партале. Сёлета запланавана выдаць паўсотні падручнікаў і дапаможнікаў, большая частка якіх новая.

Дарэчы, Беларусь уваходзіць у групу дзяржаў з высокім узроўнем адукацыі. Гэта пацвярджаецца паказчыкамі распрацаванага ААН індэкса чалавечага развіцця. У нас знаходзіцца амаль 8 тысяч устаноў адукацыі, дзе штогод навучаюцца каля 2 мільёнаў чалавек.