Прэзідэнт Беларусі накіраваў віншаванне працаўнікам аховы здароўя

18 июня 2021

Напярэдадні Дня медыка, які ў Беларусі будзе адзначацца ў найбліжэйшую нядзелю, у краіне ўвесь тыдзень ушаноўваюць прадстаўнікоў гэтай высакароднай прафесіі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне працаўнікам аховы здароўя.  Кіраўнік дзяржавы адрасаваў словы падзякі за самаадданую працу  ўрачам, медыцынскім сёстрам, фельчарам, малодшаму медперсаналу, спецыялістам лабараторнай дыягностыкі і санітарна-эпідэміялагічнай службы, навукоўцам, фармацэўтам, правізарам:

"Вы кругласутачна знаходзіцеся на варце здароўя і жыцця суайчыннікаў. Вам давяраюць дзясяткі тысяч замежных пацыентаў, якія выбіраюць для дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі менавіта Беларусь, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Перакананы: пераемнасць пакаленняў, захаванне высакародных традыцый айчыннай медыцыны і ваша заўсёднае імкненне да самаўдасканалення дапамогуць далейшаму развіццю аховы здароўя Беларусі".

Прэзідэнт пажадаў працаўнікам аховы здароўя прафесійных поспехаў, вялікага асабістага шчасця і моцнага здароўя.