Прэзідэнт Беларусі сёння знаходзіцца з рабочай паездкай у Віцебску

22 ноября 2019
Тут у гэтыя хвіліны праходзіць вялікая нарада па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці. Абмяркоўваюць прапановы па комплексным рашэнні праблем у рэгіёне, а таксама ў сістэме кіравання інтэграцыйнымі структурамі. Так, ва ўрадзе распрацаваны новы праект указа, які прадугледжвае радыкальную перабудову ўсёй сістэмы. Прапаноўваецца стварыць супербуйны холдынг.

Своеасаблівую перазагрузку АПК у рэгіёне пачалі ў 2016. Маштабная рэарганізацыя, падчас якой было створана чатыры інтэграваныя структуры ў Віцебску, Глыбокім, Оршы і Полацку, павінна была кардынальна палепшыць эканоміку прадпрыемстваў, а ў канчатковым выніку павысіць дабрабыт рэгіёна. Асноўны прынцып працы - арганізаваць увесь цыкл вытворчасці: ад поля да прылаўка. Гэты эксперымент дапамог, але толькі некаторым прадпрыемствам, а значна сітуацыю ў рэгіёне так і не змяніў.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэзідэнт паставіў пад сумненне неабходнасць стварэння суперхолдынга і чакае абгрунтаваных аргументаў за і супраць. Пытанне сур'ёзнае і патрабуе вялікіх грашовых укладанняў. Таму нарада і праходзіць у максімальна пашыраным складзе: акрамя губернатара, урада і кіраўнікоў раёнаў свае прапановы для развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці выкажуць і дырэктары сельгасарганізацый.

Новы дакумент, упэўненыя яго распрацоўшчыкі, дапаможа вырашыць сістэмныя праблемы ў сельскай гаспадарцы Віцебшчыны. Сярод найболей вострых: закрэдытаванасць, слабая матэрыяльна-тэхнічная база і адток кадраў. За апошнія пяць гадоў аб'ём выпуску сельгаспрадукцыі ў вобласці паменшыўся. Адчувальныя страты ў жывёлагадоўлі, у вытворчасці малака. Нізкая загрузка прадпрыемстваў стала прычынай няпоўнай занятасці спецыялістаў і прастояў вытворчых ліній. Экспарт зменшыўся амаль у два разы. У галіне, як следства, нізкія зарплаты.