Прэзідэнт Беларусі даў даручэнні падчас рабочай паездкі па Брэсце

11 августа 2017

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Брэста, занятасць і зарплаты насельніцтва, будаўніцтва інфраструктуры і мадэрнізацыя прадпрыемстваў. Гэтыя тэмы сёння ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Праз два гады Брэст рыхтуецца адзначыць сваё тысячагоддзе. Да юбілейнай даты абласны цэнтр прыкметна мяняецца, з'яўляюцца новыя аб'екты, мікрараёны. З узвядзеннем такіх жылых комплексаў сёння азнаёміўся і Кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Прэзідэнт патрэбаваў прывесці ў парадак мясцовы аэрапорт і ўнесці прапановы па яго загрузцы, бо пакуль паветраная гавань практычна не выкарыстоўваецца і прымае ў тыдзень толькі два рэйсы з Калінінграда. Вядома, цэнтральнай тэмай сёння стала сацыяльна-эканамічнае развіццё Брэста. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся занятасцю насельніцтва, а таксама ўзроўнем зарплаты. Сярэдні арыенцір па-ранейшаму - тысяча рублёў.

Сёння Кіраўнік дзяржавы наведаў пляцоўку яшчэ аднаго маштабнага аб'екта - гэта будаўніцтва ў Брэсце так званага Заходняга абходу. Гэта транспартная развязка дазволіць разгрузіць горад ад вялікага аўтамабільнага трафіку і дапаможа аптымізаваць транспартныя патокі паміж левым і правым берагамі ракі Мухавец. Завяршыць будаўніцтва Заходняга абходу плануецца ў 2019 годзе да 1000-годдзя Брэста. Ну а ў гэтыя хвіліны Прэзідэнт наведвае прадпрыемства "Савушкін прадукт", дзе Кіраўніку дзяржавы даложаць аб мадэрнізацыі прадпрыемстваў малакаперапрацоўчай галіны і вытворчасці экспартна-арыентаванай прадукцыі.

А напярэдадні Прэзідэнт пабываў на прадпрыемстве "Квасевічы" ў Івацэвіцкім раёне. Ключавая тэма - уборачная кампанія ў складаных умовах надвор’я. Брэсцкая вобласць ужо намалаціла першы мільён тон збожжа. І Кіраўніка дзяржавы сустракалі караваем новага ўраджаю. Пра ход жніва далажыў міністр сельскай гаспадаркі. Нагадаем, па даручэнні Прэзідэнта масавы збор хлеба павінен завяршыцца 20 жніўня. Беларусь разлічвае сабраць каля 10-ці мільёнаў тон збожжа.