Віншаванне з прафесійным святам працаўнікоў падатковых органаў Беларусі

9 июля 2017

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з прафесійным святам працаўнікоў падатковых органаў Беларусі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ад эфектыўнасці дзейнасці падатковых органаў шмат у чым залежыць дабрабыт народа і краіны ў цэлым. "Фарміраванне ў людзей пачуцця грамадзянскага доўгу, напаўненне дзяржаўнага бюджэту, выяўленне і прафілактыка эканамічных правапарушэнняў, стварэнне ўмоў для здаровай канкурэнцыі сярод суб'ектаў гаспадарання і індывідуальных прадпрымальнікаў - вось далёка не поўны пералік задач, якія стаяць перад вамі", - гаворыцца ў віншаванні.

"Сёння беларуская падатковая сістэма актыўна развіваецца і ўдасканальваецца, і вам неабходна зрабіць яе больш простай і зразумелай для насельніцтва, органаў улады, прадстаўнікоў айчыннага і замежнага бізнесу. Гэта стане важкім укладам у стымуляванне дзелавой ініцыятывы, прыцягненне ў эканоміку рэспублікі ўнутраных і замежных інвестыцый, рэалізацыю найважнейшых сацыяльных праграм", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў упэўненасць, што працаўнікі падатковых органаў і надалей будуць павышаць сваю кваліфікацыю, укараняць перадавыя метады працы, плённа ўзаемадзейнічаць з іншымі службамі і ведамствамі.