Ці з'явіцца ў Беларусі новая трактарная вытворчасць?

25 июля 2017

Урад прапаноўвае стварыць такое на базе Амкадора. Праект прапанавалі Прэзідэнту. Будучыню айчыннага трактарабудавання на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы абмяркоўваюць віцэ-прэм'еры, міністры і прамыслоўцы, узважваюць усе за і супраць. Рашэнне закране не толькі МТЗ, але і сумежныя прамысловыя прадпрыемствы ў рэгіёнах.

На холдынг МТЗ працуюць 7 заводаў. У Бабруйску выпускаюць запчасткі і навясное абсталяванне. Частку дэталяў вырабляе Віцебскі завод. Плугі і шасцярні робяць сталічныя майстры. Міні-тэхніку і абсталяванне да іх збіраюць у Смаргоні. У Хойніках і Нароўлі вырабляюць гідраапаратуру. А на Мазырскім машынабудаўнічым гусенічныя трактары, тэхніку для лясной гаспадаркі, пагрузчыкі і многае іншае.

Прэзідэнта цікавіла, як ідуць справы на Амкадоры і МТЗ. Наколькі стварэнне новага завода ўвязана з дзеючымі вытворчасцямі.

Такая перспектыва - стварэнне новага завода - не палохае МТЗ. Амкадор мае намер заняцца выпускам машын з так званай ломкай рамай у дыяпазоне 300 конскіх сіл. Такую тэхніку МТЗ не выпускае і не плануе. Так што канкурыраваць не прыйдзецца. З такой вытворчасцю Амкадор зможа заняць нішу тэхнікі, якую выпускае пецярбургскі і харкаўскі заводы.

Пакуль трактарабудаванне гэта, першым чынам, брэнд "Беларус". Вытворца працуе ў 60 краінах і мае зборачныя канвееры ў розных кутках планеты. Кожны дзясяты трактар у свеце з нашай краіны.